Меню

Пашыранае пасяджэнне групы па каардынацыі СМІ па прасоўванні Мэтаў устойлівага развіцця ў Беларусі

18 снежня 2019

Парадак 2030, які замацаваў 17 Мэтаў устойлівага развіцця, прынялі ў 2015 годзе. Гэта аформіла новую канцэпцыю глабальнага ўладкавання на аснове гарманічнага развіцця. У Беларусі ў 2017 годзе быў падпісаны Указ Прэзідэнта № 181, які ўвёў пасаду Нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэтаў устойлівага развіцця. Была сфарміраваная архітэктура кіравання працэсам устойлівага развіцця, а ў 2019 годзе рашэннем Міністэрства інфармацыі была створаная група па каардынацыі працы СМІ ў прасоўванні Мэтаў устойлівага развіцця. Праца групы заключаецца ў шырокім інфармаванні грамадскасці пра неабходнасць і механізмы дасягнення паказчыкаў устойлівага развіцця на мясцовым і нацыянальным узроўні. 17 снежня 2019 года ў Мінску прайшло першае пашыранае пасяджэнне групы. 

Аляксандр Карлюкевіч, Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь, у сваёй прамове адзначыў значнасць, якая надаецца ў Беларусі рэалізацыі Парадку 2030. «Роля медыя ў паспяховай рэалізацыі Парадку 2030 цяжка пераацаніць. Гэта не толькі канал інфармавання. мы адукоўваем грамадзян аб магчымасці прымаць узважаныя і адказныя рашэнні і ўплываць на рашэнні па рэалізацыі Мэтаў устойлівага развіцця», – сказаў Аляксандр Карлюкевіч. 

Мар'яна Шчоткіна, Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэтаў устойлівага развіцця, адзначыла, што «светапогляд фарміруецца СМІ, якія даюць нам уяўленне аб тых працэсах, што адбываюцца ў грамадстве. Калі мы давяраем асобе журналіста, то давяраем і інфармацыі, якую ён выказвае. Прынцып Мэтаў устойлівага развіцця – нікога не пакінуць у баку. Усе дзяржавы працуюць на дасягненне МУР, і мы выйшлі на такі віток, што і з нашым вопытам хочуць знаёміцца – напрыклад, Швецыя запрашала прадстаўнікоў Беларусі, каб абмеркаваць прасоўванне Мэтаў устойлівага развіцця», – адзначыла дасягненні Беларусі Нацыянальны каардынатар. 

У панэльнай дыскусіі «Унёсак сродкаў масавай інфармацыі ў прасоўванне Мэтаў устойлівага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь» прынялі ўдзел Аляксей Адашкін, галоўны рэдактар студыі радыё Прадстаўніцтва МДТРК «Мир», Аляксандр Булай, загадчык аддзела па асноўных напрамках інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці», Вераніка Коласава, галоўны рэдактар часопіса «Родная прырода», Святлана Кнутава, намеснік дырэктара дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання ЗАТ «Другі нацыянальны канал», Віталіна Петрусевіч, студэнтка Беларускага дзяржаўнага універсітэта і Моладзевы пасол Мэтаў устойлівага развіцця. 

Удзельнікі дыскусіі абмеркавалі, як эфектыўна паднесці інфармацыю, каб прыцягнуць грамадскасць да дасягнення МУР. Аляксей Адашкін адзначыў важнасць усіх МУР, нават тых, якія, на першы погляд, не адносяцца да Беларусі, у прыватнасці, Мэта 14 – захаванне марскіх экасістэм. Хоць Беларусь – далёкая ад мораў і акіянаў краіна, але ў ёй актуальная праблема выкарыстання аднаразовага пластыка, якая актыўна абмяркоўвалася ў СМІ сёлета, – а мікрапластык, на які распадаюцца пластыкавыя вырабы, забруджвае нашы водныя сістэмы і ў канчатковым рахунку трапляе ў сусветны акіян. Віталіна Петрусевіч адзначыла неабходнасць размяшчэння інфармацыі пра МУР на сайтах рэгіянальных СМІ, каб інфармаваць усе рэгіёны, а таксама звярнула ўвагу на важнасць невыкарыстання мовы варожасці. Святлана Кнутава прапанавала больш асвятляць канкрэтныя дзеянні: напрыклад, адкрыццё новых медыцынскіх цэнтраў, развіццё аднаўляльнай энергетыкі, аповед пра канкрэтныя ініцыятывы і канкрэтных людзей, якія іх рэалізуюць. Вераніка Коласава дадала, што такія канкрэтныя расказы дапамагаюць акцэнтаваць, як людзі мяняюць жыццё вакол дзякуючы свайму актывізму.

Мадэраваў дыскусію Вадзім Шчаглоў, першы намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне».

Удзельнікі дыскусіі, у тым ліку ўдзельнікі пашыранага паседжання, таксама абмеркавалі немагчымасць падзяліць Мэты ўстойлівага развіцця і эканамічныя пытанні, бо эканоміка – гэта інструмент, а не мэта, і веданне МУР дазваляе выпрацаваць індыкатары для складання стратэгій і планаў. «Мэты ўстойлівага развіцця – гэта не высакамоўныя словы і не прыгожая абгортка, а канкрэтны змест. Немагчыма аддзяліць эканоміку ад МУР», — сказаў Аляксандр Скрабоўскі, каардынатар партнёрскай групы ўстойлівага развіцця па ўзаемадзеянні з бізнэсам.

Сустрэча групы завяршылася цырымоніяй узнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу для журналістаў «Ад Глабальных мэтаў да лакальных дзеянняў», які арганізавала ў 2019 годзе Міністэрства інфармацыі. Мэтай конкурсу было прыцягнуць увагу грамадскасці і журналістаў да тэмы ўстойлівага развіцця, абмеркаваць Мэты ўстойлівага развіцця ў СМІ і ўцягнуць актыўных грамадзян і арганізацыі ў дасягненне МУР. На конкурс паступіла каля ста заявак і каля тысячы разнастайных матэрыялаў. СМІ зафіксавалі значнасць Мэтаў устойлівага развіцця ў нацыянальным пераламленні і змаглі зацікавіць грамадскасць ва ўдзеле ў іх рэалізацыі з ужываннем наяўных у рэгіёнах рэсурсаў. Як адзначыў Міністр інфармацыі, конкурс будзе праводзіцца і далей.

карта сайта