Меню

Агульная сустрэча партнёрскай групы ўстойлівага развіцця

21 лістапада 2019

20 лістапада ў Мінску адбылася агульная сустрэча партнёрскай групы ўстойлівага развіцця. Сустрэча праводзілася з мэтай інфармавання ўдзельнікаў групы пра фармат яе працы і дзейнасці, якая праводзіцца каардынатарамі партнёрскай групы ўстойлівага развіцця, а таксама абмеркавання ўнёску чальцоў групы ў вырашэнне пытанняў, якія спрыяюць дасягненню Мэтаў устойлівага развіцця.

На адкрыцці агульнай сустрэчы выступіў Аляксандр Скрабоўскі, каардынатар партнёрскай групы ўстойлівага развіцця па ўзаемадзеянні з бізнэсам. Ён звярнуў увагу на важнасць інтрасектарнага ўзаемадзеяння, што дапаможа рэальна прасоўваць МУР. Бо партнёрская група – гэта не лабісцкі інструмент для асобных арганізацый. Гэта інструмент для сумеснага паспяховага вырашэння пытанняў, якія пакуль не былі вырашаныя.

Ірына Альхоўка, каардынатар партнёрскай групы ўстойлівага развіцця па сацыяльных пытаннях, прадставіла фармат працы групы і распавяла пра ўзаемадзеянне з усімі элементамі архітэктуры кіравання працэсам дасягнення МУР (Савет па ўстойліваму развіццю, парламенцкая група, рэгіянальныя групы ўстойлівага развіцця і інш.). Яна адзначыла, што ўнутры сектаральных груп важна не забываць пра перасячэнні паміж сектарамі, каб атрымаць сістэмныя змены.

Удзельнікі агульнай сустрэчы разабралі прыклады канфлікту інтарэсаў бізнэсу, грамадзянскай супольнасці, дзяржавы. Яны адзначылі, што важна даносіць пазіцыю кансалідавана, а не асабіста ад аднаго чалавека; улічваць і інтэграваць меркаванне грамадскасці ў працэс прыняцця рашэнняў; перакладаць канкрэтныя праблемы на сістэмны ўзровень іх вырашэння; распаўсюдзіць кожны сектар на ўсе астатнія, а не разглядаць іх у якасці тых, што знаходзяцца на перыферыі.

Працуючы ў малых групах, удзельнікі агульнай сустрэчы абмеркавалі актуальныя праблемы і крытычныя пытанні, звязаныя з прасоўваннем Мэт устойлівага развіцця ў Беларусі, магчымыя каналы ўплыву на іх і свой унёсак у гэты ўплыў. Вынікі працы ў малых групах прадставілі каардынатары партнёрскай групы.

Ірына Альхоўка, каардынатар партнёрскай групы ўстойлівага развіцця па сацыяльных пытаннях, звярнула ўвагу на важнасць прыняцця рашэнняў з улікам меркаванняў усіх стэйкхолдараў; міжведамаснага ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў паміж сабой пры распрацоўцы дзяржаўных праграм і нарматыўных прававых актаў; з'яўлення механізмаў уліку вынікаў працы грамадзянскага сектара; удасканаленне статыстыкі. Трэба зразумець, праз якія механізмы можна ацаніць, як працэс дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця ўплывае на людзей. Важна мець максімальна дэзагрэгіраваныя дадзеныя, убачыць перасячэнні мэтавай аўдыторыі і розных сектараў. Асобна яна спынілася на дэмаграфічнай сітуацыі і старэнні насельніцтва, што закране і бізнэс, і эканоміку. Як пажылыя людзі прымаюць рашэнні, узаемадзейнічаюць у грамадстве, як мы можам на іх уплываць? Гэта новае скразное пытанне, якое павінна з'яўляцца ва ўсіх праграмах.

Аляксандр Чубрык, каардынатар партнёрскай групы ўстойлівага развіцця па эканамічных пытаннях, спыніўся на фундаментальнай праблеме – адсутнасці ў заканадаўстве вызначэння паняццяў уразлівых груп і дыскрымінацыі. Другая фундаментальная праблема – уцягнутасць. Ці гатовае насельніцтва ўцягвацца ў грамадскую дзейнасць для дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця? Рашэннем можа стаць мясцовае самакіраванне, дзе можна было б укараніць такі інструмент, як грамадзянскі бюджэт. Там, дзе грамадзяне адчуваюць адказнасць, уцягнутасць вырастае.

Аляксандр Скрабоўскі, каардынатар партнёрскай групы ўстойлівага развіцця па ўзаемадзеянні з бізнэсам, спыніўся на важнасці Мэт устойлівага развіцця для кожнага праекта і магчымасці сумесных мерапрыемстваў для актывістаў і чыноўнікаў, дзе яны маглі б сумесна выпрацаваць адзіную тэрміналогію і адзінае разуменне, што такое Мэты ўстойлівага развіцця.

Яўген Лабанаў, каардынатар партнёрскай групы ўстойлівага развіцця па экалагічных пытаннях, адзначыў важнасць наяўнасці разнастайнай экспертызы пры планаванні вялікіх праектаў. У якасці прыкладу ён прывёў праект будаўніцтва воднага шляху Е40, дзе эколагі не бачаць эканамічнага эфекту, і праект будаўніцтва завода ў Брэсце, дзе інвестар не ўбачыў экалагічнага вымярэння. Гэта сістэмны выклік: у розных сектарах не хапае ўласнай экспертызы, каб ацаніць экалагічныя, сацыяльныя і іншыя аспекты. У гэтым і можа быць роля партнёрскай групы – узмацніць дыскусію пра тое, што такая экспертыза патрэбная, і дапамагчы даць такую экспертызу.

Сафія Савелава і Анатоль Мураўёў, сукаардынатары партнёрскай групы ўстойлівага развіцця па адукацыі, акцэнтавалі ўвагу на падыходзе да інклюзіўнасці ў грамадстве ў цэлым. Закранутыя групы павінны ўдзельнічаць у працэсе выпрацоўкі і прыняцця рашэнняў на ўсіх узроўнях. Індыкатары ж павінны развіваць дзейнасць, а не даваць справаздачу па дасягненнях.

Дзмітрый Карпіевіч, каардынатар партнёрскай групы ўстойлівага развіцця па пытаннях развіцця рэгіёнаў, спыніўся на важнасці празрыстасці ўсіх працэсаў прыняцця рашэнняў і інклюзіі пры прыняцці рашэнняў на мясцовым і рэгіянальным узроўнях.

Больш падрабязна азнаёміцца з фарматам працы партнёрскай групы ўстойлівага развіцця і запоўніць анкету для ўступлення ў яе можна па спасылцы.

карта сайта