Меню

15 мая – Дзень сям'і

15 мая 2020

У Рэспубліцы Беларусь падтрымка сям'і з'яўляецца ключавым напрамкам дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, што таксама замацавана ў нацыянальным заканадаўстве. Роўны ўдзел мужчын і жанчын у сям'і і выхаванні дзяцей ўносіць ўклад у дасягненне Мэты ўстойлівага развіцця 5 – Гендэрная роўнасць.

Па дадзеных Нацыянальнага даследавання «Фарміраванне сям'і, стабільнасць сямейных адносін і нараджальнасць у зменлівых сацыяльна-эканамічных умовах жыцця беларусаў» жанчыны больш актыўна ўцягнутыя ва ўсе віды дзейнасці, звязаныя з доглядам за дзецьмі. Дастаткова раўнамерна паміж бацькамі падзяляюцца абавязкі, звязаныя з гульнямі з дзецьмі і правядзеннем вольнага часу разам з дзецьмі: 82% мужчын і 75% жанчын адзначылі, што яны з партнёрам выконваюць гэтыя абавязкі прыкладна аднолькава. Дадзеныя шматіндыкатарнага кластэрнага абследавання для ацэнкі становішча дзяцей і жанчын (МІКС 6), праведзенага Нацыянальным статыстычным камітэтам у 2019 годзе, таксама пацвярджаюць трэнд ўключэння бацькоў у дзейнасць, якая садзейнічае навучанню і падрыхтоўцы да школы маленькіх дзяцей ва ўзросце 3-4 гадоў.

Для павышэння ўцягнутасці бацькоў у выхаванне дзяцей у 2019 годзе ў Працоўны кодэкс унесены змены (уступілі ў сілу з 28 студзеня 2020 г.). Адна з важных навін – гэта ўвядзенне бацькоўскага водпуску пры нараджэнні дзіцяці. Наймальнік абавязаны прадаставіць такі адпачынак па жаданні работніка тэрмінам да 14 дзён на працягу 6 месяцаў пасля нараджэння дзіцяці.

Акрамя таго, у Працоўны кодэкс уключаны такія новыя нормы як:

  • права выбару працоўнага водпуску ў летні час у бацькі (айчыма), які выхоўваюць дзіця з інваліднасцю ва ўзросце да 18 гадоў;
  • прадастаўленне бацьку (айчыму), які выхоўвае дваіх і больш дзяцей ва ўзросце да чатырнаццаці гадоў (дзіцяці з інваліднасцю ва ўзросце да васемнаццаці гадоў) права выкарыстання працоўнага водпуску да заканчэння шасці месяцаў працы ў наймальніка;
  • распаўсюджванне гарантый, прадугледжаных для маці, якія працуюць, на адзінокіх бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей.

Для сумяшчэння прафесійных і бацькоўскіх функцый у Працоўны кодэкс уключана «дыстанцыйная занятасць».

Асноўныя напрамкі развіцця сацыяльнай палітыкі ў дачыненні да сем'яў:

  • удасканаленне сістэмы матэрыяльнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей;
  • павышэнне адказнага бацькоўства, заахвочванне абодвух бацькоў да роўнага ўдзелу ў выхаванні і развіцці дзяцей;
  • уцягванне наймальнікаў у падтрымку работнікаў з сямейнымі абавязкамі шляхам развіцця канцэпцыі «кампаніі, прыязныя бацькам».

Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

карта сайта