Моладзевы пасол МУР 3 Лізавета Кашуба распавяла аб сваім бачанні рашэння глабальных праблем - Мэты ўстойлівага развіцця у Беларусі

Моладзевы пасол МУР 3 Лізавета Кашуба распавяла аб сваім бачанні рашэння глабальных праблем

11 кастрычніка 2024

Чаму моладзь клапоціць вырашэнне сусветных праблем? Чаму замест сацыяльных сетак моладзь усё часцей выбірае валанцёрства і грамадскую дзейнасць? Якія амбіцыйныя мэты маладыя людзі ставяць перад сабой ужо зараз?

Моладзевы пасол МУР 3, навучэнка Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа Лізавета Кашуба расказала аб сваім бачанні вырашэння глабальных праблем і ўкладзе ў дасягненне Мэт устойлівага развіцця.

Як ты даведалася аб дзейнасці паслоў МУР?

Пра МУР і дзейнасць Моладзевых паслоў даведалася ў каледжы ад педагога-арганізатара, калі быў аб’яўлены конкурс «Моладзевыя паслы Мэт устойлівага развіцця – будучыня планеты ў нашых руках». Як толькі мне прапанавалі паўдзельнічаць у першым этапе гэтага конкурсу, я пачала больш даведвацца пра тое, чым займаюцца Моладзевыя паслы і пра МУР у цэлым.

Чаму ты вырашыла стаць паслом МУР і выбрала менавіта гэтую Мэту?

Мяне зацікавіла дзейнасць Моладзевых паслоў, бо яшчэ са школьных часоў я была актывісткай як у канцэртнай, так і ў грамадскай дзейнасці, таму шанц стаць паслом быў для мяне новай прыступкай, новым узроўнем. А з першага курса ў каледжы я з’яўляюся камандзірам моладзевага прафілактычнага атрада, таму выбар Мэты не заняў шмат часу, бо прафілактыка з’яўляецца адным з паказчыкаў МУР 3.

Якую ролю іграе пасол МУР?

Пасол МУР – гэта не проста прадстаўнік, ён як злучнае звяно, агент, які выконвае досыць шмат задач: ад фармавання паняццяў у людзей аб МУР да аб’яднання людзей для стварэння ўстойлівай і справядлівай будучыні. Гэта той чалавек, які можа «простай мовай» расказаць людзям пра 17 Мэт, зацверджаных ААН праз цікавыя, а галоўнае карысныя мерапрыемствы і трэнінгі.

Чаму твая Мэта актуальная ў сучасным свеце?

МУР 3, прысвечаная добраму здароўю і дабрабыту, становіцца асабліва актуальнай у сучасным свеце. Пандэмія COVID-19 падкрэсліла неабходнасць даступнага медыцынскага абслугоўвання для ўсіх. Захворванні, звязаныя з ладам жыцця, такія як дыябет, сардэчна-сасудзістыя хваробы і псіхічныя расстройствы, становяцца ўсё больш распаўсюджанымі, патрабуючы комплекснага падыходу да прафілактыкі і лячэння. Акрамя таго, змена клімату і экалагічныя праблемы напрамую ўплываюць на фізічны і псіхічны стан людзей. Такім чынам, рэалізацыя гэтай Мэты з’яўляецца найважнейшым фактарам для дасягнення ўстойлівага развіцця і дабрабыту чалавецтва ў будучыні.

Ці з’яўляецца твая Мэта актуальнай для Беларусі?

МУР 3 – адна з ключавых задач для ўстойлівага развіцця Беларусі. Ва ўмовах сучасных праблем, такіх як старэнне насельніцтва, павелічэнне колькасці хранічных захворванняў і ўплыў экалагічных фактараў, акцэнт на здароўе становіцца асабліва актуальным. Праграмы па вакцынацыі, ранняй дыягностыцы і лячэнні захворванняў дапамагаюць умацаваць здароўе грамадзян і павышаюць якасць жыцця. Таксама трэба адзначыць значнасць ментальнага здароўя, якое ўсё часцей выходзіць на першы план. Праблемы стрэсу, дэпрэсіі і іншых псіхічных расстройстваў патрабуюць уважлівага падыходу, а таксама распрацоўкі адукацыйных і падтрымных праграм.

У якіх галінах рэалізуюцца мерапрыемствы тваёй Мэты?

Я ўжо згадвала прафілактычны атрад у маім каледжы, таму не складана здагадацца, што я вельмі актыўна займаюся прафілактыкай злоўжывання наркатычных сродкаў, алкагалізму і курэння. Моладзі вельмі падабаюцца хуткія флэш-акцыі, якія не займаюць шмат часу, аднак удзел у іх дае і карысць, і добры настрой, бо мы заўсёды імкнемся прыдумляць нешта новае і цікавае. Таксама я надаю дастатковай ўвагі аспекту падтрымання псіхічнага здароўя, арганізоўваючы сумесна з псіхолагам трэнінгі для дзяцей, дзе яны могуць навучыцца самакантролю, прыняць самога сябе і многае іншае.

Як твая дзейнасць спрыяе развіццю моладзі?

Насамрэч, у маім асяроддзі нямногія ведаюць пра МУР, таму, у першую чаргу, я паставіла сабе задачу – сфарміраваць у моладзі паняцце аб Мэтах устойлівага развіцця. Паралельна з гэтым, я, безумоўна, раблю ўсё магчымае для рэалізацыі сваёй МУР 3, тым самым заклікаючы маладое пакаленне да захавання здаровага ладу жыцця.

.

Крыніца інфармацыі

КАРТА САЙТА