admin, Автор в Мэты ўстойлівага развіцця у Беларусі - Page 149 of 182

Пашырэнне занятасці жанчын праз рэалізацыю прадпрымальніцкай ініцыятывы – дадатковая крыніца росту эканомікі

Пашырэнне занятасці жанчын праз рэалізацыю прадпрымальніцкай ініцыятывы – дадатковая крыніца росту эканомікі

10 чэрвеня 2021 г. адбылася другая падрыхтоўчая сустрэча 29-га Эканоміка-экалагічнага форуму (ЭЭФ) АБСЕ, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі пашырэнне эканамічных правоў і магчымасцяў жанчын як ключавога фактару ў дасягненні ўстойлівага і інклюзіўнага развіцця, міру, бяспекі і стабільнасці; садзейнічанне жаночаму прадпрымальніцтву і роўнаму ўдзелу жанчын у бізнэсе і гандлі; садзейнічанне ўстойліваму развіццю за кошт пашырэння правоў і магчымасцяў жанчын у сферах аховы навакольнага асяроддзя, гандлю і транспарту, што спрыяе дасягненню Мэт устойлівага развіцця 5 «Гендэрная роўнасць» і 8 «Годная праца і эканамічны рост».

Падрабязную інфармацыю аб сустрэчы можна знайсці на сайце Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь.

У Беларусі ладзіцца анлайн-экамарафон «Будзь Эка!». Марафон праходзіць з 14 па 24 чэрвеня 2021 года з удзелам экспертаў, навуковых супрацоўнікаў у розных галінах ведаў, спецыялістаў і блогераў, якія вядуць экалагічны лад жыцця.

Мэта марафону – павышэнне дасведчанасці насельніцтва аб праблемах у галіне аховы навакольнага асяроддзя і атрымання новых ведаў у сферы экалогіі.

Удзельнікі паспрабуюць весці экадружалюбны лад жыцця, уносіць свой уклад у паляпшэнне стану навакольнага асяроддзя, садзейнічаць змякчэнню негатыўных наступстваў змены клімату, што будзе спрыяць дасягненню Мэт устойлівага развіцця 10 «Адказнае спажыванне і вытворчасць» і 13 «Барацьба са змяненнем клімату» і іншых Мэт устойлівага развіцця.

Марафон праводзіцца пры падтрымцы праекта «ЕС для клімату», які рэалізуецца ў партнёрстве ПРААН і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Больш падрабязна аб правілах удзелу ў марафоне можна даведацца на старонцы марафону ў Instagram.

Полацк і Наваполацк сталі пілотнымі гарадамі, у якіх была створаная новая дарожная інфраструктура, у тым ліку і для веласіпедыстаў, ужытыя інавацыйныя тэхналогіі арганізацыі руху грамадскага транспарту і рэгулявання транспартных патокаў.

Прымяненне інавацыйных падыходаў зялёнай мабільнасці мае шэраг пераваг для мясцовых жыхароў. Скарачаюцца выкіды CO2 і канцэнтрацыя шкодных рэчываў у паветры. Жыхары выбіраюць здаровы лад жыцця. Ствараюцца перадумовы для развіцця мясцовага прадпрымальніцтва: пашырэння веласіпеднага сэрвісу і адкрыцця новых камерцыйных пунктаў у пешаходных і веласіпедных зонах. Аптымізацыя сістэмы руху грамадскага транспарту, разумныя святлафоры і інавацыйная дарожная разметка дазваляюць зрабіць перамяшчэнне па горадзе больш зручным і бяспечным. Зялёная мабільнасць дапамагае зрабіць малыя гарады камфортней, экалагічней, пашырае магчымасці для выкарыстання новых лічбавых тэхналогій, стымулюе новыя партнёрства і міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне, што ўносіць істотны ўклад у дасягненне Мэт устойлівага развіцця 8, 9, 10, 11, 13, 15, 17.

Праект «Зялёныя гарады» рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь пры фінансавай падтрымцы Глабальнага экалагічнага фонду (ГЭФ). Больш падрабязную інфармацыю аб рэалізацыі праекта можна знайсці па спасылцы.

3 чэрвеня 2021 года на пляцоўцы ХХVII Міжнароднай спецыялізаванай выставы ТІБО-2021 адбыўся форум «Лічбавая эканоміка». Мэтай форуму было стварэнне шматфункцыянальнай камунікацыйнай і прэзентацыйнай пляцоўкі для ўкаранення лічбавых працэсаў у працу прадпрыемстваў і кампаній ва ўсіх сферах.

На форуме абмеркавалі Дзяржаўную праграму «Лічбавае развіццё Беларусі на 2021-2025 гады», нацыянальную сістэму электроннай аховы здароўя, лічбавую трансфармацыю падатковых органаў, прыярытэты цыфравізацыі аграпрамысловага комплексу, стварэнне адзінай інфармацыйнай платформы транспартнай дзейнасці і лічбавізацыю сфер культуры і адукацыі.

Паводле дзяржаўнай прашраммы «Лічбавае развіццё Беларусі на 2021-2025 гады» плануецца сфармаваць адзіную архітэктуру дзяржаўных дадзеных і палітыкі кіравання імі. Большасць дзяржаўных функцый і бізнэс-працэсаў арганізацый будуць пераведзеныя ў электронную форму. Гэта дазволіць павялічыць прадукцыйнасць працы, павысіць якасць прадукцыі і пашырыць рынкі збыту.

Больш падрабязна пра выступленні на форуме можна пачытаць на сайце Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.

На «Белагра-2021» 2 чэрвеня 2021 г. адбыўся семінар «Магчымасці і перспектывы арганічнай сельскай гаспадаркі ў Беларусі». На семінары наведвальнікам распавялі пра сучасныя ўмовы развіцця вытворчасці арганічнай сельгаспрадукцыі і сертыфікацыі арганічнай прадукцыі і працэсаў яе вытворчасці.

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб вытворчасці і звароце арганічнай прадукцыі», які ўступіў у сілу 18 лістапада 2019 года, вылучыў арганічную сельскую гаспадарку ў асобную галіну, дазволіўшы ўсталяваць асаблівыя правілы для вытворчасці, захоўвання, транспарціроўкі і рэалізацыі арганічных прадуктаў. Паводле статыстыкі, на 1 чэрвеня 2021 года ў Беларусі 20 сельгасвытворцаў, 14 перапрацоўшчыкаў арганічнай прадукцыі і 6791,2 гектары зямель, занятых пад арганікай. Арганічнае сельская гаспадарка дазваляе паменшыць негатыўнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе і ўнесці ўклад у дасягненне Мэты ўстойлівага развіцця 2 «Ліквідацыя голаду», 13 «Барацьба са змяненнем клімату» і 15 «Захаванне экасістэм сушы».

Арганізатарамі семінара выступілі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Цэнтр экалагічных рашэнняў.

Фота: ecoidea.by

21 красавіка 2021 г. у рамках сацыяльна-значнага праекта «Прапампуй сябе» на базе жылога комплексу «Студэнцкая вёска» адбыўся трэнінг «Што ты можаш зрабіць для Мэт устойлівага развіцця» са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Трэнінг праводзіў Моладзевы пасол МУР Яраслаў Аляксееў. Ён распавёў пра экалагічна дружалюбны лад жыцця і ўсвядомленае спажыванне, якія кожны можа ўкараняць у сваім жыцці штодзень.

Студэнты прапампавалі свае веды па Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года і зараз з упэўненасцю могуць сказаць, што кожны з іх ужо цяпер можа зрабіць для дасягнення Мэт устойлівага развіцця.

Магілёўскае агенцтва рэгіянальнага развіцця і абласная рабочая група па ўстойлівым развіцці праводзяць конкурс лепшых практык па рэалізацыі рэгіянальнай Стратэгіі ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці да 2035 года (СУР-2035). Удзел у конкурсе могуць узяць юрыдычныя асобы, некамерцыйныя арганізацыі; індывідуальныя прадпрымальнікі; мясцовыя органы ўлады; ініцыятыўныя групы, якія працуюць у партнёрстве з мясцовымі органамі ўлады.

Праекты могуць быць прадстаўленыя ў трох намінацыях:

– «Лепшая ідэя праекта па рэалізацыі СУР-2035» (апісанне ідэі будучага праекта, які накіраваны на паспяховую рэалізацыю СУР-2035);

– «Лепшы рэалізаваны праект па дасягненні СУР-2035» (апісанне праекта, які рэалізаваны або завяршаецца ў год правядзення конкурсу на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, вынікі якога ўносяць уклад у дасягненне СУР-2035);

– «За значны ўклад у рэалізацыю СУР-2035» (апісанне дзейнасці ўдзельніка конкурсу, які ўкараніў і ажыццяўляе сваю дзейнасць, грунтуючыся на МУР, і ўносіць уклад у рэалізацыю СУР-2035).

Прыём дакументаў ажыццяўляе Магілёўскае агенцтва рэгіянальнага развіцця да 15 чэрвеня 2021 года. Формы заявак для ўдзелу ў конкурсе можна знайсці на сайце Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.

21 мая 2021 г. у зале Генеральнай Асамблеі ААН у партнёрстве з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА) адбылося мерапрыемства высокага ўзроўню па культуры і ўстойліваму развіццю. Удзельнікі мерапрыемства, уключаючы прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, падзяліліся вопытам прыняцця антыкрызісных мер, накіраваных на захаванне культурнага асяроддзя ў перыяд пандэміі, а таксама абмеркавалі, якім чынам інвестыцыі ў крэатыўную эканоміку могуць стымуляваць аднаўленне пасля пандэміі.

У межах мерапрыемства адбылася трансляцыя відэазвароту намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерыя Грамады, у якім ён праінфармаваў аб мерах па падтрымцы сферы культуры і супрацьэпідэмічных мерах, што рэалізуюцца Рэспублікай Беларусь.

Культуры належыць пераўтваральная роля акселератара дасягнення Мэт устойлівага развіцця. Культурны складнік уключаны ў большасць МУР, якія тычацца якаснай адукацыі, устойлівага развіцця гарадоў, аховы навакольнага асяроддзя, эканамічнага росту, устойлівых мадэляў спажывання і вытворчасці, пабудовы мірных і інклюзіўных таварыстваў, гендэрнай роўнасці і харчовай бяспекі. Больш падрабязна з інфармацыяй пра культуру і ўстойлівае развіццё можна азнаёміцца на сайце ААН па спасылцы.

1-я Міжнародная спецыялізаваная выстава-форум Ecology Expo-2021 і XVI Рэспубліканскі экалагічны форум прайшлі ў Мінску 3-5 чэрвеня 2021 г.

На мерапрыемстве выступіў Намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандр Субоцін. Ён адзначыў, што зялёны парадак ўваходзіць ва ўсе сферы эканомікі і становіцца важным трэндам. Аднаўляльныя рэсурсы, перапрацоўка адходаў, экалагічна чыстыя прадукты і экалагічная ўпакоўка, будаўніцтва ачышчальных збудаванняў, мінімізацыя выкідаў у атмасферу ー усё гэта спрыяе дасягненню Мэт устойлівага развіцця.

Таксама на выставе адбыліся прэзентацыі зялёных тэхналогій, энергаэфектыўнага будаўніцтва, экалагічнага транспарту, эфектыўнага выкарыстання адходаў, біяўпакоўкі, арганічнай і экалагічна чыстай прадукцыі, экатурызму, лепшых практык зялёных школ.

Больш інфармацыі пра 1-ю Міжнародную спецыялізаваную выставу-форум Ecology Expo-2021 і XVI Рэспубліканскі экалагічны форум можна знайсці на афіцыйным сайце Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь па спасылцы.

29 мая 2021 года ў Пухавіцкім раёне адбылася сустрэча прадстаўнікоў улады і бізнэсу, прысвечаная развіццю прадпрымальніцтва ў Беларусі. Перад удзельнікамі выступіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў.

Міністр звярнуў увагу на 30-годдзе прыняцця Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь», дасягненні малога і сярэдняга бізнэсу і зацверджаны Урадам Комплекс мер па запуску інвестыцыйнага цыкла. У Комплексе мер будзе тры блокі, якія датычацца закандальніцтва, арганізацыі предывестыцыйнага і будаўнічага цыклаў і фінансавых інструментаў.

Развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва спрыяе дасягненню Мэты ўстойлівага развіцця 8 «Годная праца і эканамічны рост».

Фота: economy.gov.by

КАРТА САЙТА