admin, Автор в Мэты ўстойлівага развіцця у Беларусі - Page 160 of 182

Зацверджана Нацыянальная стратэгія Рэспублікі Беларусь «Актыўнае даўгалецце – 2030»

Зацверджана Нацыянальная стратэгія Рэспублікі Беларусь «Актыўнае даўгалецце – 2030»

Распрацоўка Нацыянальнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь «Актыўнае даўгалецце – 2030» абумоўлена інтэнсіфікацыяй працэсаў дэмаграфічнага старэння насельніцтва, узнікненнем новых патрэбаў і магчымасцяў для пажылых грамадзян, а таксама неабходнасцю стварэння ўмоў для рэалізацыі іх патэнцыялу.

Арыенцірам для фарміравання палітыкі па пытаннях, якія звязаныя са старэннем насельніцтва, з’яўляюцца Мэты ўстойлівага развіцця, рэалізацыя якіх немагчымая без прыняцця рашэнняў у інтарэсах пажылых грамадзян. Нацыянальная стратэгія пабудаваная на прынцыпе «Нікога не пакінуць у баку», што прадугледжаны ў Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года, і накіраваная на дасягненне практычна ўсіх Мэтаў ўстойлівага развіцця.

Асноўныя задачы стратэгіі:

  • забеспячэнне абароны правоў і годнасці пажылых грамадзян, стварэнне ўмоў для іх сацыяльнай уключанасці і ўсебаковага ўдзелу ў жыцці грамадства;
  • стымуляванне больш працяглага працоўнага жыцця і фарміраванне камфортнага ўзроўню даходу пажылых грамадзян;
  • забеспячэнне магчымасці для навучання на працягу ўсяго жыцця, пашырэнне доступу да атрымання адукацыі і павышэнню кваліфікацыі;
  • стварэнне ўмоў для здаровага і бяспечнага жыцця, актыўнага даўгалецця;
  • развіццё сацыяльнага абслугоўвання для забеспячэння годнага якасці жыцця пажылых грамадзян;
  • стварэнне адаптаванай да патрэбаў пажылых грамадзян інфраструктуры і асяроддзя жыццядзейнасці.

З тэкстам Нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце – 2030» можна азнаёміцца па спасылцы.

Фота: pravo.by

8 снежня адбудзецца анлайн-канферэнцыя «Як прыняцце Закона «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі» можа паўплываць на бізнэс у Беларусі: вынікі ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння». Для ўдзелу патрэбная рэгістрацыя.

Зараз у Беларусі падрыхтаваны праект Закона «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі», які накіраваны на прывядзенне заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з Канвенцыяй ААН аб правах людзей з інваліднасцю. Для ацэнкі магчымага ўздзеяння законапраекта на ўмовы вядзення бізнэсу ў краіне праект «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» правёў пілотную працэдуру ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння праекта Закона, якой прысвяцілі канферэнцыю.

Асновай для праекта Закона сталі два дзеючых закона Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь», «Аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў». Новыя артыкулы закранаюць наступныя пытанні: правы людзей з інваліднасцю; недапушчальнасць дыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці; гарантыі правоў людзей з інваліднасцю ва ўмовах надзвычайных сітуацый; сродкі камунікацыі; асветна-выхаваўчая праца; аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма сацыяльнай падтрымкі і рэабілітацыі людзей з інваліднасцю; стварэнне цэнтраў рэабілітацыі, абілітацыі людзей з інваліднасцю. Больш падрабязна аб новым праекце Закона можна пачытаць на сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.

Якасная адукацыя дазваляе зразумець характар і маштаб праблем у галіне ўстойлівага развіцця і дае магчымасць сфармаваць крытычны і творчы падыходы да пошуку іх эфектыўных рашэнняў. У кантэксце Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года Мэта 4 «Якасная адукацыя» ўяўляецца ў якасці новай канцэпцыі сусветнай адукацыі. Яе сутнасць у пераўтварэнні жыцця людзей з дапамогай адукацыі як асноўнай рухаючай сілы развіцця і ў дасягненні іншых Мэтаў ўстойлівага развіцця.

Ролю адукацыі ў працэсах дасягнення МУР абмеркавалі ў рамках III Міжнароднага сімпозіума «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў – сацыяльны дагавор», які адбыўся 2-3 снежня ў УА «Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка» і сабраў прадстаўнікоў сістэмы бесперапыннай педагагічнай адукацыі і ўсіх сфер ўстойлівага развіцця.

Мэта сімпозіума была ў ўзгадненні стратэгічных напрамкаў развіцця бесперапынных практык адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця. Ад імя Нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэт устойлівага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь да ўдзельнікаў сімпозіума звярнулася Ірына Вялічка, начальнік Галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў, падкрэсліўшы ключавую ролю адукацыі ў працэсах дасягнення ЦУР. Пастаянны каардынатар ААН у Рэспубліцы Беларусь Іаана Казана-Вішнявецкі звярнула ўвагу на важнасць умацавання сеткавага ўзаемадзеяння дзяржаўных структур, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, бізнесу і міжнародных арганізацый. Таксама на сімпозіуме выступілі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Міністэрства эканомікі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Нацыянальнага статыстычнага камітэта, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, эксперты ЮНЕСКА і Дэпартамента па даследаваннях і інавацыях ЕС. У сваіх выступах прамоўцы падкрэслівалі, што комплексны міжсектаравы характар Мэтаў ўстойлівага развіцця патрабуе складанага механізму іх рэалізацыі і стварэння міжведамасных структур для каардынацыі сумесных дзеянняў.

У рамках сімпозіума Нацыянальны каардынатар па дасягненню Мэтаў ўстойлівага развіцця Анатоль Ісачанка і намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кадлубай ўручылі дыпломы пераможцам конкурсу «Моладзевыя амбасадары МУР – будучыня ў нашых руках».
Пазнаёміцца з рэзалюцыяй, матэрыяламі і відэазапісамі мерапрыемстваў сімпозіума можна на сайце каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» БДПУ, які ажыццяўляў арганізацыйную і змястоўную падтрымку сімпозіума.

Сімпозіум праводзіўся пад патранажам Нацыянальнага каардынатара па дасягненні «МУР пры садзейнічанні Міністэрства замежных спраў і падтрымцы праекта ПРААН «Падтрымка дзейнасці Нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэт устойлівага развіцця і ўмацаванне ролі Парламента ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця», што фінансуецца ПРААН, ЮНІСЕФ, ЮНФПА ў Рэспубліцы Беларусь. Сімпозіум быў уключаны ў План мерапрыемстваў Савета па ўстойлівым развіцці Рэспублікі Беларусь на 2020-2021 гг. і План мерапрыемстваў моладзевай кампаніі «Будучыня, якой мы хочам», якая рэалізуецца Міністэрствам адукацыі Рэспубліцы Беларусь і офісам пастаяннага каардынатара ААН у Рэспубліцы Беларусь пры падтрымцы прадстаўніцтваў агенцтваў ААН.

13 лістапада 2020 г. прайшло пасяджэнне Рэспубліканскага міжведамаснага савета па праблемах людзей з інваліднасцю. У ім удзельнічалі члены Рэспубліканскага міжведамаснага савета, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў «БелТІ», «БелТГ», «БелТІЗ» «БелАДДІ і МІ», «РАІК» і іншых арганізацый.

Са складам Рэспубліканскага міжведамаснага савета і палажэннем аб яго працы можна азнаёміцца на сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.

На пасяджэнні абмеркавалі пытанні сацыялізацыі, рэабілітацыі і працаўладкавання людзей з інваліднасцю, важнасць узаемадзеяння розных структур паміж сабой для найбольш эфектыўнай дапамогі людзям з інваліднасцю. Узнімалася таксама пытанне стварэння раённых і абласных міжведамасных саветаў з удзелам грамадскіх арганізацый, якія паказалі высокую эфектыўнасць і выніковасць працы. Па прапанове грамадскіх аб’яднанняў, якія працуюць у інтарэсах людзей з інваліднасцю, быў сфарміраваны пералік сродкаў рэабілітацыі, якія неабходныя для догляду і павышэння якасці жыцця пацыентаў, якія праходзяць рэабілітацыю ва ўстановах аховы здароўя. У 2021 годзе сродкамі рэабілітацыі з гэтага пераліку будуць абсталёўвацца ўсе ўстановы аховы здароўя.

Важным з’яўляецца і пытанне працаўладкавання людзей з інваліднасцю. У рамках прафарыентацыйнай работы органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне за 2020 год праведзена больш за дзве тысячы індывідуальных прафесійных кансультацый беспрацоўных людзей з інваліднасцю. На пасяджэнні таксама абмеркавалі падтрымку прадпрыемстваў, на якіх працуюць людзі з інваліднасцю, працу па сацыялізацыі і рэабілітацыі людзей з інваліднасцю, магчымасць дапамогі дзяржавы, каб прадпрыемствы грамадскіх аб’яднанняў заставаліся канкурэнтаздольнымі, выпрацоўку канкрэтных практычных рашэнняў па працаўладкаванні людзей з інваліднасцю ў рэгіёнах, стварэнне дадатковых працоўных месцаў.

Сацыялізацыя, рэабілітацыя і працаўладкаванне людзей з інваліднасцю важныя для дасягнення Мэт устойлівага развіцця 3 «Добрае здароўе і дабрабыт», 8 «Годная праца і эканамічны рост», 10 «Памяншэнне няроўнасці». У прыватнасці, адной з задач Мэты 10 з’яўляецца заахвочванне актыўнага ўдзелу ўсіх людзей у сацыяльным, эканамічным і палітычным жыцці незалежна ад інваліднасці.

III Міжнародны сімпозіум «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў — сацыяльны дагавор» адбудзецца 2-3 снежня 2020 года на базе ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка». Асноўнымі арганізатарамі Сімпозіума з’яўляюцца Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, БДПУ і Асацыяцыя «Адукацыя для ўстойлівага развіцця» ў партнёрстве з ААН у Рэспубліцы Беларусь і пры падтрымцы Нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, а таксама праекта ПРААН/ЮНІСЕФ/ЮНФПА «Падтрымка архітэктуры кіравання працэсам дасягнення Мэт устойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь — 2».

Мэта Сімпозіума — абмен вопытам і найлепшымі практыкамі, якія забяспечваюць сувязь паміж бесперапынным адукацыяй і забеспячэннем экалагічнай цэласнасці, эканамічнай устойлівасці, сацыяльнага дабрабыту і развіццём чалавечых рэсурсаў.

Сімпозіум праводзіцца ў рамках Плана мерапрыемстваў Савета па ўстойлівым развіцці Рэспублікі Беларусь на 2020-2021 гады і Плана мерапрыемстваў моладзевай кампаніі «Будучыня, якую мы хочам», якая рэалізуецца Міністэрствам адукацыі Рэспубліцы Беларусь і Офісам Пастаяннага каардынатара ААН у Рэспубліцы Беларусь.

Сімпозіум будзе арганізаваны з улікам рэкамендацый па папярэджанні распаўсюджвання COVID-19 і будзе праводзіцца ў «гібрыдным» фармаце з выкарыстаннем для большай часткі ўдзельнікаў сімпозіума анлайн-платформы. У працы сімпозіума прымуць удзел члены Савета па ўстойліваму развіццю, Парламенцкай і Партнёрскай груп устойлівага развіцця, агенцтва сістэмы ААН. Удзельнікамі Сімпозіума стануць таксама прадстаўнікі дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый, установы адукацыі Рэспублікі Беларусь і замежных дзяржаў, уключаючы Арменію, Германію, Іспанію, Кітай, Польшчу, Румынію, Сербію, Францыю.

Таксама ў рамках Сімпозіума пройдзе цырымонія ўзнагароджання Моладзевых паслоў Мэт устойлівага развіцця, якімі сталі пераможцы конкурсу, які быў арганізаваны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Напярэдадні Сусветнага дня барацьбы са СНІДам у Беларусі прайшла тэматычная прэс-канферэнцыя, арганізаваная Нацыянальным прэс-цэнтрам Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам аховы здароўя і Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. На ёй абмеркавалі сітуацыю з распаўсюджваннем ВІЧ-інфекцыі ў свеце, сістэму медыцынскай дапамогі людзям з ВІЧ-інфекцыяй у Рэспубліцы Беларусь і ўплыў пандэміі COVID-19 на барацьбу медыкаў супраць распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі.

Паводле звестак эпідэміялагічнай службы, у Беларусі на 1 лістапада 2020 года было выяўлена 22 792 чалавекі з ВІЧ-інфекцыяй. Пры гэтым у грамадстве захоўваецца негатыўнае стаўленне да людзей, якія жывуць з ВІЧ, з-за чаго многія баяцца абследавацца, што прыводзіць да позняга выяўлення захворвання, павялічвае рызыкі пагаршэння здароўя, смерці, далейшай перадачы інфекцыі і нясе сур’ёзныя эканамічныя наступствы. Адной з прычын з’яўляецца крымінальная адказнасць не толькі за перадачу ВІЧ-інфекцыі, але і пастаноўку ў небяспеку заражэння ВІЧ-інфекцыяй, а такі падыход выклікае стыгматызацыю. Для вырашэння гэтага пытання Міністэрства аховы здароўя сумесна з агенцтвамі ААН у Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць падрыхтоўку прапаноў па ўдасканаленні Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусі.

Спыніць да 2030 года эпідэмію СНІДу з’яўляецца адной з задач Мэты ўстойлівага развіцця 3 «Добрае здароўе і дабрабыт». Дзякуючы прафілактыцы, эфектыўнай антырэтравіруснай тэрапіі і сумесным намаганням міжнародных, нацыянальных і няўрадавых арганізацый колькасць новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі ў свеце з кожным годам зніжаецца, а Беларусі на працягу некалькіх гадоў удаецца пацвярджаць статус краіны, якая элімініравала перадачу ВІЧ ад маці дзіцяці. Відэаверсію брыфінгу, які прысвечаны Дню барацьбы са СНІДам, можна паглядзець на сайце Нацыянальнага прэс-цэнтра.

Устойлівы івэнт-менеджмент уяўляе сабой такі падыход да арганізацыі і правядзення падзей, які дазваляе знізіць негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе, інфраструктуру і мясцовую эканоміку. Падыход актуальны для мерапрыемстваў незалежна ад фарматаў, памераў, сферы і мэтавай аўдыторыі. Ключавыя паказчыкі ўстойлівасці мерапрыемстваў: транспарт і зніжэнне выкідаў вуглякіслага газу, кіраванне адходамі, размеркаванне энергіі, этычныя працоўныя практыкі, адпаведнае кіраванне ланцужкамі паставак арганізатараў, добрасумленныя дзелавыя практыкі, захаванне правоў спажыўцоў.

Устойлівы івэнт-менеджмент грунтуецца на ідэях цыркулярнай эканомікі і прасоўвае каштоўнасці роўнасці, інклюзіі, экалагічнасці, што ўносіць ўклад у дасягненне Мэт устойлівага развіцця 12 «Адказнае спажыванне і вытворчасць», 10 «Памяншэнне няроўнасці», 4 «Якасная адукацыя» і іншых.

Для прасоўвання тэматыкі ўстойлівага івэнт-менеджменту выпушчанае кароткае кіраўніцтва па ўстойлівай арганізацыі мерапрыемстваў, якое ўключае лепшыя ўстойлівыя практыкі івэнт-менеджменту і канкрэтныя інструкцыі для арганізацыі мерапрыемстваў з улікам канцэпцыі ўстойлівага развіцця. Кіраўніцтва падрыхтаванае ўстановай «Цэнтр экалагічных рашэнняў» і даступнае па спасылцы.

Яшчэ ў пачатку 2020 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў план мерапрыемстваў па паэтапным памяншэнні выкарыстання пластыкавай упакоўкі. У адпаведнасці з ім з 1 студзеня 2021 года забароненыя выкарыстанне і продаж ва ўстановах грамадскага харчавання аднаразовага пластыкавага посуду: відэльцаў, лыжак, нажоў, палачак для выраблення напояў, шклянак, кубкаў, талерак, трубачак для напояў. Таксама нельга будзе выкарыстоўваць аднаразовую ўпакоўку для ежы: кантэйнеры, латкі, скрынкі і т. п., за выключэннем упакоўкі для кулінарных паўфабрыкатаў і кандытарскіх вырабаў. Забарона не распаўсюджваецца на аднаразовыя пластыкавыя каўпачкі і накрыўкі для кубкаў і іншых ёмістасцяў — ім не ўдалося знайсці альтэрнатыву.

Акрамя забароны на аднаразовы пластык важна таксама прадухіляць утварэнне пластыкавага смецця за кошт выкарыстання абаротнай тары, уласнага посуду, дэпазітаў. Памяншэнне выкарыстання пластыкавай упакоўкі і вытворчасці аднаразовага пластыка ўносіць ўклад у дасягненне Мэт устойлівага развіцця 12 «Устойлівае спажыванне і вытворчасць», 13 «Барацьба са змяненнем клімату», 14 «Захаванне марскіх экасістэм», 15 «Захаванне экасістэм сушы».

Больш падрабязна пра тое, што менавіта павінна знікнуць з продажу, можна даведацца ў тлумачэннях нарматыўных прававых актаў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, а таксама на сайце ўстановы «Цэнтр экалагічных рашэнняў».

Фота: Unsplash.com

На пасяджэнні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў была адобраная Стратэгія ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці да 2035 года. Азнаёміцца з дакументам можна па спасылцы.

Пры фарміраванні Стратэгіі прыярытэтным было стымуляванне прадпрымальніцкай актыўнасці, павышэнне дабрабыту мясцовых жыхароў, стварэнне сучасных вытворчасцяў і павелічэнне колькасці працоўных месцаў. Стратэгія павінна стаць асновай для распрацоўкі абласных і раённых прагнозных і праграмных дакументаў на сярэднетэрміновую і доўгатэрміновую перспектывы.

У раёнах Магілёўскай вобласці распрацоўваюцца і прымаюцца свае стратэгіі ўстойлівага развіцця, планы дзеянняў па ўстойлівай энергіі і клімату, планы мясцовага эканамічнага росту, пашпарты тэрытарыяльна арыентаванага развіцця.

Інфармацыя аб працэсе распрацоўкі Стратэгіі ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці даступная на сайце Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта

Чарговая партыя медыцынскага абсталявання і сродкаў індывідуальнай абароны (бескантактавыя тэрмометры, аднаразовыя халаты) для рэагавання на распаўсюд каронавіруса была закупленая і перададзеная дзяржаўнай установе «Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання» для далейшай перадачы медыцынскім установам, школам і іншым арганізацыям.

Бескантактавыя тэрмометры хутка вымяраюць тэмпературу, скарачаючы колькасць і час фізічных кантактаў лекараў з пацыентамі. Гэта спрашчае працэдуру вызначэння стану хворага і дапамагае паменшыць перадачу віруса. Аднаразовыя халаты — неад’емны складнік пры лячэнні каронавіруса і абароны медыцынскіх работнікаў.

Падтрымка краіны ў барацьбе з каронавіруснай інфекцыяй у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ПРААН/ЮНІСЕФ/ЮНФПА «Падтрымка архітэктуры кіравання працэсам дасягнення Мэт устойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь — 2», які рэалізуецца ў партнёрстве з Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь і пры кіраўніцтве Нацыянальнага каардынатара па дасягненню Мэт устойлівага развіцця, носіць сістэмны характар і ўносіць ўклад у дасягненне Мэт устойлівага развіцця.

КАРТА САЙТА