56 акцый у падтрымку Мэтаў устойлівага развіцця прайшлі ў Беларусі - Мэты ўстойлівага развіцця у Беларусі

56 акцый у падтрымку Мэтаў устойлівага развіцця прайшлі ў Беларусі

5 кастрычніка 2018

25 верасня па ўсім свеце прайшлі акцыі ў падтрымку Мэтаў устойлівага развіцця, аб’яднаныя ў рух #ACT4SDGs. У Беларусі ў гэты дзень у падтрымку Мэтаў зарэгістравана 56 акцый, якія праходзілі, як 25 верасня, так і на працягу доўгага часу. 18 з іх зарэгістравана ў Мінску, астатнія — у рэгіёнах краіны.

Актыўна ўключыўся ў #ACT4SDGs Полацк — тут прайшло адразу 9 акцый у падтрымку Мэтаў устойлівага развіцця, арганізаваных Аддзелам спорту і турызму Полацкага раённага выканаўчага камітэта. Асноўны фокус — на Мэту №3 (Добрае здароўе і дабрабыт) і Мэту №11 (Устойлівыя гарады і населеныя пункты). У падтрымку гэтых мэтаў прайшлі спаборніцтвы па настольным тэнісе, баскетболе, боксе, футболе і акадэмічным веславанні, веламарафон і майстар-класы па асновах актыўнага турызму і гісторыі рэгіёну.

Мэту №3 падтрымалі і ў Слуцку з трыма акцыямі ў падтрымку здаровага ладу жыцця і ментальнага здароўя. У Слоніме ў падтрымку Мэты №3 прайшлі акцыі па прасоўванні ідэй вегетарыянства, як спосабу захаваць здароўе і экалогію.

У Мінску ў падтрымку Мэтаў каманда супрацоўнікаў ПРААН і агенцтваў сістэмы ААН у Беларусі прыняла ўдзел у Мінскім паўмарафоне. Некамерцыйная арганізацыя «Добра» арганізавала SOCIAL WEEKEND HACKATHON — конкурс для сацыяльных прадпрымальнікаў з прызавым фондам $ 5000 на ўвасабленне праекта сацыяльнай накіраванасці.

Яшчэ адзін хакатон — гэтым разам для дзяцей — арганізавала асацыяцыя «Адукацыя для ўстойлівага развіцця» на базе БДПУ імя Максіма Танка. З дапамогай прафесіяналаў у сферы камунікацый дзеці прыдумлялі спосабы данесці ідэі МУР пры дапамозе сацыяльнай рэкламы. Па ініцыятыве Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя 22 верасня ў Мінску прайшоў дзень без аўтамабіля. У школах, гімназіях і ўніверсітэтах прайшлі круглыя сталы, форумы маладых навукоўцаў і конкурсы, прысвечаныя МУР.

У Гродна ў падтрымку #ACT4SDGs прайшлі экскурсіі для школьнікаў і сустрэчы са студэнтамі, Гродзенская навукова-тэхнічная бібліятэка абвясціла аб стварэнні «Бібліятэкі па ўстойліваму развіццю», а Гродзенская агароднінная фабрыка прысвяціла сваё мерапрыемства «Сонечная энергія і перспектывы яе выкарыстання ў сельскай гаспадарцы» Мэце №7 — Недарагая і чыстая энергія.

Акцыя прыцягнула 1 мільён удзельнікаў у 1234 гарадах 142 краін. Па ўсім свеце да акцыі далучылася 1643 арганізатара — сярод іх як прыватныя асобы, так і бізнес, інстытуцыі і акадэмічныя колы.

Фота: tut.by, Social Weekend.

КАРТА САЙТА