1

Абмяркоўваецца праект Дзяржаўнай праграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва» на 2021-2025 гады

Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь падрыхтавала праект пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай праграме «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва» на 2021-2025 гады». Азнаёміцца з праектам Дзяржаўнай праграмы можна па спасылцы.

Дзяржаўная праграма «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва» на 2021-2025 гады з’яўляецца ключавым дакументам у сферы падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і накіраваная на стварэнне спрыяльных рэгулятарных умоў для дынамічнага развіцця дадзенага сектара эканомікі, прадастаўленне паслуг яго суб’ектам, павышэнне эфектыўнасці інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва, папулярызацыю прадпрымальніцтва.

Асноўныя мэты Дзяржаўнай праграмы: стварыць канкурэнтаздольны і адаптыўны прадпрымальніцкі сектар; якасна развіваць малы і сярэдні бізнэс, спрыяць выхаду суб’ектаў малога і сярэдняга бізнэсу на замежныя рынкі. Для дасягнення гэтых мэтаў неабходна стымуляваць дзелавую ініцыятыву, паляпшаць бізнэс-асяроддзе і ўмацоўваць патэнцыял малога бізнэсу. Таксама плануецца актыўнае развіццё мікрафінансавання і краўдфандынгу, стымуляванне жаночага прадпрымальніцтва.

Развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва з’яўляецца важным укладам у дасягненне Мэт ўстойлівага развіцця 5 «Гендарная роўнасць», 8 «Годная праца і эканамічны рост», 9 «Індустрыялізацыя, інавацыі ды інфраструктура», 10 «Памяншэнне няроўнасці». У прыватнасці, адной з задач Мэты 8 з’яўляецца садзейнічанне правядзенню палітыкі, арыентаванай на развіццё, якая спрыяе павышэнню прадукцыйнасці працы, стварэнню годных працоўных месцаў, прадпрымальніцтву, творчасці і інавацыйнай дзейнасці, і развіццю мікра -, малых і сярэдніх прадпрыемстваў, у тым ліку з дапамогай прадастаўлення ім доступу да фінансавых паслуг.

Фота: pexels.com