1

Абвешчаныя пераможцы конкурсу ініцыятыў па развіцці прадпрымальніцтва

У Беларусі прайшоў конкурс ініцыятыў па развіцці прадпрымальніцтва. Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 177 заявак, а пераможцамі сталі 8 кластарных і 25 сацыяльна-значных ініцыятыў.

Рэалізацыя кластарных ініцыятыў павысіць канкурэнтаздольнасць малога бізнесу ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, дрэваапрацоўцы, вытворчасці прадуктаў харчавання, інфармацыйных тэхналогіях і турызме. Сацыяльна-значныя ініцыятывы дапамогуць вырашыць сацыяльныя праблемы уразлівых груп насельніцтва: дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, людзей з інваліднасцю, моладзі, жанчын, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, і іншых. Праекты-пераможцы накіраваныя на развіццё жаночага сацыяльнага прадпрымальніцтва, стварэнне дзіцячых інклюзіўных забаўляльных цэнтраў, сацыяльную адаптацыю і працаўладкаванне людзей з інваліднасцю, развіццё сферы турызму, стварэнне IT-школ для дзяцей і моладзі. Рэалізацыя такіх праектаў паспрыяе дасягненню Мэт устойлівага развіцця 3 «Добрае здароўе і дабрабыт», 4 «Якасная адукацыя», 5 «Гендарная роўнасць», 8 «Годная праца і эканамічны рост», 10 «Памяншэнне няроўнасці», 11 «Устойлівыя гарады і населеныя пункты», 17 «Партнёрства ў інтарэсах устойлівага развіцця».

Конкурс ініцыятыў па развіцці прадпрымальніцтва праводзіўся Праграмай развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь у рамках праекта «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь».

Азнаёміцца з поўным спісам пераможцаў і кароткім апісаннем ініцыятыў можна на сайце Праграмы развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь.