Амаль ва ўсіх рэгіёнах Беларусі вырашана праблема наяўнасці месцаў у дзіцячых садах

У Беларусі вялікая ўвага надаецца дзецям і іх адукацыйнаму працэсу. На працягу шэрага гадоў у краіне ўсе дзеці пяцігадовага ўзросту ахоплены падрыхтоўкай да навучання на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Канцэптуальнымі падыходамі да развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2030 года вызначаны такія задачы як павышэнне даступнасці дашкольнай адукацыі, удасканаленне яе якасці, забеспячэнне здароўезберагальнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі і механізмаў іх развіцця.
На сённяшні дзень практычна ва ўсіх рэгіёнах краіны вырашана праблема наяўнасці месцаў у дзіцячых садах. Выключэннем з’яўляецца МIнскі раён. Тут забяспечанасць дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту месцамі складае 69%. У сувязі з гэтым актыўна вядзецца будаўніцтва новых аб’ектаў дашкольнай адукацыі – у цэлым з 2018 года ў Мінскім раёне з’явілася 13 дзіцячых садоў на 2710 месцаў.
Усяго ў 2023/2024 навучальным годзе ў краіне функцыянавалі 3750 устаноў, якія рэалізуюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі, спецыяльныя праграмы на ўзроўні дашкольнай адукацыі, якія наведвалі 355,7 тыс. выхаванцаў. Пры гэтым працавала больш за 3,4 тыс. груп для 58 тыс. дзяцей ад двух да трох гадоў і 295 груп для 4,2 тыс. дзяцей ад 1 да двух гадоў.
Адукацыйны працэс ва ўстановах дашкольнай адукацыі забяспечваюць 55,7 тыс. педагагічных работнікаў, з іх з вышэйшай адукацыяй – 66,3%. Вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі маюць 60,9% педагагічных работнікаў.
Паглядзець усю неабходную інфармацыю аб наяўнасці свабодных месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі Беларусі можна на інтэрактыўнай карце.
Стварэнне ўмоў для забеспячэння даступнага і якаснага адукацыйнага працэсу для дзяцей усіх узростаў уносіць важны ўклад у дасягненне Рэспублікай Беларусь Мэты ўстойлівага развіцця 4 і іншых МУР.