Барацьба з забруджваннем пластыкавымі матэрыяламі – уклад у дасягненне МУР 12 - Мэты ўстойлівага развіцця у Беларусі

Барацьба з забруджваннем пластыкавымі матэрыяламі – уклад у дасягненне МУР 12

22 сакавіка 2021

Сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў 15 сакавіка 2021 года прайшоў пад дэвізам «Барацьба з забруджваннем пластыкавымі матэрыяламі». Гэтая тэма звяртае ўвагу на важнасць МУР 12 «Адказнае спажыванне і вытворчасць».

Адказны падыход спажыўцоў да выкарыстання, утылізацыі і падрыхтоўкі да перапрацоўкі пластыкавых матэрыялаў накіраваны на захаванне прыродных рэсурсаў і спрыяльнай экалагічнай абстаноўкі ва ўсім свеце для кожнага чалавека.

У Беларусі патрабаванні артыкула 11 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў» замацоўваюць права спажыўца на тое, каб тавар пры яго выкарыстанні, захоўванні, транспарціроўцы і ўтылізацыі быў бяспечны не толькі для жыцця, здароўя і маёмасці спажыўцоў, але і для навакольнага асяроддзя.

У 2020 годзе Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў план мерапрыемстваў па паэтапным памяншэнні выкарыстання пластыкавай упакоўкі. У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 лістапада 2019 г. № 797 з 1 студзеня 2021 года забароненыя выкарыстанне і продаж ва ўстановах грамадскага харчавання аднаразовага пластыкавага посуду. Гэтая мера дазваляе знізіць колькасць адходаў ад аднаразовых пластыкавых рэчаў.

Пры гэтым важна не проста забараняць аднаразовыя тавары, але і падтрымліваць практыкі, сэрвісы і прыватныя ініцыятывы, якія прадухіляюць з’яўленне пластыкавых адходаў: напрыклад, увядзенне абаротнай тары, дэпазітаў і заахвочванне людзей карыстацца сваім посудам і ўпакоўкай, а таксама павышаць дасведчанасць спажыўцоў у тэме экалагічных падыходаў пры куплі і выкарыстанні тавараў, шматразовай упакоўкі, падаўжэння жыцця тавараў, пераасэнсавання мадэлі спажывання.

Фота: Unsplash.com

КАРТА САЙТА