Беларуская дэлегацыя на Форуме ў Жэневе прадставіла інфармацыю аб прагрэсе дасягнення МУР 3 «Добрае здароўе і дабрабыт», адзначыўшы значную ролю ЕАЭС у прасоўванні Парадаку дня — 2030

У рамках Рэгіянальнага форуму па ўстойлівым развіцці для краін рэгіёну ЕЭК ААН, які праходзіў 2-3 красавіка 2025 года ў Жэневе (Швейцарыя), беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным каардынатарам па МУР Сяргеем Хаменка прадставіла інфармацыю аб прагрэсе дасягнення Мэты ўстойлівага развіцця 3 «Добрае здароўе і дабрабыт».
У выступленні прадстаўніка Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь адзначана сістэмная дзяржаўная падтрымка ахове здароўя. Па стане на бягучы перыяд прагрэс у дасягненні задач і паказчыкаў у гэтай галіне ў Рэспубліцы Беларусь складае каля 70 працэнтаў да ўстаноўленага ААН узроўню на 2030 год, што з’яўляецца адным з самых высокіх паказчыкаў не толькі ў рэгіёне краін ЕЭК ААН (56 дзяржаў), але і ў цэлым у свеце.
Нягледзячы на негатыўныя наступствы пандэміі COVID-19, у краіне захоўваюцца адны з найбольш нізкіх у свеце паказчыкаў мацярынскай, немаўляцкай і дзіцячай смяротнасці. У Беларусі поўнасцю дасягнута мэта па зніжэнні каэфіцыента мацярынскай смяротнасці. Даступнасць насельніцтва да якасных медыцынскіх паслуг набліжаецца да 100 працэнтаў.
Не спыняючыся на дасягнутым, у новай Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2040 года Беларусь ставіць задачу ўзмацніць прафілактыку захворванняў на працягу ўсяго жыцця, забяспечыць поўны і даступны ахоп насельніцтва першаснай медыцынскай дапамогай, сфарміраваць самазахавальныя паводзіны.
Вядучая роля дзяржавы ў ахове здароўя не азначае адсутнасць прыватнай медыцыны.
У выступленні беларускай дэлегацыі таксама адзначана важная роля інтэграцыйных аб’яднанняў у дасягненні Мэт устойлівага развіцця. У якасці станоўчага прыкладу прыведзены Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС), які з’яўляецца рухаючай сілай устойлівага эканамічнага росту і эфектыўна выкарыстоўваецца дзяржавамі-членамі для дасягнення МУР. Як адзначана ў заяве, Беларусь вітае развіццё сістэмнага дыялога ЕАЭС з ШАС, АСЕАН, краінамі БРІКС і іншымі зацікаўленымі міждзяржаўнымі аб’яднаннямі.