Беларускі абрад уключылі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА - Мэты ўстойлівага развіцця у Беларусі

Беларускі абрад уключылі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА

13 снежня 2019

Вясновы абрад «Юр’еўскі карагод» быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА на XIV сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў Багаце. Матэрыялы для дасье рыхтавалі прадстаўнікі Міністэрства культуры, эксперты і ўдзельнікі абраду пры ўдзеле Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ЮНЕСКА ў Парыжы, Міністэрства замежных спраў.

Абрад унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Таксама статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымаюць тэатральны феномен спектакля «Паўлінка» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, традыцыя вясновых карагодаў на Вялікдзень і на велікодным тыдні, традыцыя правадоў зімы ў вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна, калядны абрад «Конікі» у Давыд-Гарадку Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, традыцыі падрыхтоўкі ўнікальнага торта банкухі ў гарадскім пасёлку Поразава Гродзенскай вобласці і стварэння дываноў-карцін з саломкі на чорным палатне (вёска Рухава, аграгарадок Палажэвічы і Старыя Дарогі Мінскай вобласці).

Уключэнне мясцовых абрадаў у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны і ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў мае важнае значэнне для ўстойлівага развіцця на мясцовым узроўні. Гэта спрыяе павышэнню статусу дадзенай мясцовасці, захаванню яе прывабнасці для мясцовых жыхароў і папулярызацыі ў турыстаў, а адпаведна, занятасці і годнай працы для мясцовага насельніцтва, стварэнню інфраструктуры, пабудове жыццястойкіх населеных пунктаў і міралюбных і адкрытых супольнасцяў у інтарэсах устойлівага развіцця (МУР 8, 9, 11, 12, 16).

«Юр’еўскі карагод» – трэці элемент Беларусі ў Спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Першым стаў беларускі абрад «Калядныя Цары» у вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці (2009 год), другім – «Урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)» у вёсцы Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці (2018 год).

Юр’еўскі карагод праводзяць у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Гэта веснавы абрад, які ўключае ў сябе рытуальныя песні, магічныя дзеянні і забавы. Ён праводзіўся для ўрадлівасці зямлі і дабрабыту. Да свята ва ўсёй вёсцы дамы і двары прыбіраюцца, людзі рыхтуюць святочную традыцыйную вопратку, выпякаюць і ўпрыгожваюць абрадавы хлеб, а затым урачыстая працэсія ідзе праз вуліцы вёскі да засеянага поля.

КАРТА САЙТА