Дэлегацыя Беларусі прыняла ўдзел у Неўскім міжнародным экалагічным кангрэсе

27–28 мая 2021 г. у Санкт-Пецярбургу адбыўся IX Неўскі экалагічны кангрэс. Місія кангрэса – садзейнічанне фарміраванню міжнароднай сістэмы экалагічнай бяспекі. Удзел у Неўскім міжнародным экалагічным кангрэсе прыняла дэлегацыя Рэспублікі Беларусь.
У рамках кангрэса адбыўся круглы стол «Нацыянальныя стратэгіі і праекты ў галіне экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя. Абмен вопытам». Выступаючы на круглым стале, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэй Худык адзначыў прыхільнасць краіны Мэтам устойлівага развіцця і прынцыпам зялёнай эканомікі, што пацвярджаецца ўзятымі міжнароднымі абавязацельствамі і прынятымі стратэгічнымі дакументамі. Галоўным такім дакументам з’яўляецца Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2035 года. Яе мэта – дасягненне інклюзіўнага ўстойлівага зялёнага росту ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства. Акрамя гэтага, у Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады прадугледжаныя экалагізацыя прамысловасці і развіццё цыркулярнай эканомікі. Рэалізуюцца Дзяржаўная праграма «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» на 2021–2025 гады, стратэгія ў галіне аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2025 года і іншыя стратэгіі і дзяржаўныя праграмы. Прыярытэтнымі напрамкамі зялёнай эканомікі ў Беларусі на перыяд да 2025 года будуць развіццё электратранспарту і гарадской мабільнасці, энергетыкі, уключаючы новыя віды экалагічна чыстай энергіі, устойлівае спажыванне і вытворчасць, інавацыйныя зялёныя і лічбавыя тэхналогіі, устойлівы экалагічны турызм.
З інфармацыяй аб рэалізацыі прынятых стратэгічных дакументаў і прыярытэтных кірунках далейшай працы ў галіне аховы навакольнага асяроддзя можна азнаёміцца на сайце Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.