1

Два беларускія праекты атрымалі міжнародную прэмію World Summit Awards

Міжнародная прэмія World Summit Awards (конкурс Сусветнага саміту ААН) уручаецца з 2003 года – удзельнікі з любой краіны свету могуць прадставіць у ёй свой інавацыйны лічбавы праект: прыкладанні, вэб-старонкі і іншыя IT-распрацоўкі, якія будуць станоўча ўплываць на развіццё грамадства, спрыяць сацыяльным зменам і дасягненню Мэтаў устойлівага развіцця.

Сёлета два праекты з Рэспублікі Беларусь сталі пераможцамі і атрымалі прэмію. Гэта IT-праекты OneSoil і VOKA.IO.

OneSoil перамог у намінацыі «Навакольнае асяроддзе і зялёная энергетыка» за тое, што дапамагае прымаць надзейныя сельскагаспадарчыя рашэнні, выкарыстоўваючы анлайн-інструменты, спадарожнікавыя выявы і штучны інтэлект.

VOKA.IO перамог у катэгорыі «Здароўе і дабрабыт» як прарыў у прыкладной медыцыне і медыцынскай адукацыі. Гэта лічбавае рашэнне, якое дае хірургу 3D-мадэль пашкоджанага органа, дае інструмент для абмену вопытам хірургіі і развіцця тэлемедыцыны, а студэнтам-медыкам – 3D-каталог пашкоджаных костак або органаў.  

Сярод іншых пераможцаў – аўстрыйскі праект па жэставай мове для развіцця інклюзіі, ізраільскі праект аб бяспецы жанчын у гарадах і пакістанскі праект па захаванні культурнай і прыроднай спадчыны краіны. З інфармацыяй аб праектах-пераможцах можна азнаёміцца на сайце World Summit Awards.