Фестываль інавацыйных практык адукацыі для ўстойлівага развіцця адбыўся ў Мінску - Мэты ўстойлівага развіцця у Беларусі

Фестываль інавацыйных практык адукацыі для ўстойлівага развіцця адбыўся ў Мінску

14 кастрычніка 2019

11 кастрычніка 2019 г. на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта прайшоў Фестываль інавацыйных ОУР-практык для ўсіх, які завяршыў дэкаду «АУР для ўсіх», прымеркаваную да святкавання 105-годдзя БДПУ і 5-годдзя Асацыяцыі «Адукацыя для ўстойлівага развіцця».

Удзельнікамі Фестывалю сталі ўстановы адукацыі рознага тыпу, грамадскія арганізацыі, камерцыйныя і некамерцыйныя арганізацыі, рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, а таксама іншыя арганізатары адукацыйных паслуг, накіраваных на забеспячэнне экалагічнай цэласнасці, эканамічнай устойлівасці, сацыяльнага дабрабыту і развіццё чалавечых рэсурсаў мясцовых супольнасцяў і рэгіёнаў.

Прывітальнае слова ўдзельнікам Дэкады накіравала Мар’яна Шчоткіна, Нацыянальны каардынатар па дасягненню Мэтаў ўстойлівага развіцця: «У Рэспубліцы Беларусь ужо стала традыцыяй правядзенне Дэкады «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця». Гэта пляцоўка для ўстанаўлення прадуктыўных кантактаў, абмену вопытам, закліканая садзейнічаць укараненню новых формаў арганізацыі адукацыйнага працэсу і інтэграванню Мэтаў ўстойлівага развіцця ў адукацыйныя праграмы. Значнасць гэтай падзеі цяжка пераацаніць. Мерапрыемствы дэкады, якія сабралі прадстаўнікоў устаноў адукацыі, дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацый і навуковых супольнасцяў, накіраваны на дэманстрацыю беларускіх ініцыятыў па ўстойлівым развіцці, абмеркаванне перспектыў у гэтым працэсе. Веды з’яўляюцца вядучым фактарам у забеспячэнні эфектыўнасці эканомікі і бяспекі краіны, што ў сваю чаргу садзейнічае павышэнню якасці жыцця ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь. Менавіта таму гэтак важныя сёння папулярызацыя i распаўсюджванне сярод педагагічнай і навуковай грамадскасці ідэй ўстойлівага развіцця, забеспячэнне якасна новых падыходаў да сістэмы навучання моладзі і станаўлення ўстаноў адукацыі. Бесперапынная адукацыя – адзін з вядучых механізмаў у рэалізацыі Позвы-2030. Гэта інвестыцыі ў будучыню краіны. Асаблівую ролю ў працэсах ўстойлівага развіцця гуляе моладзь. У краіне сфарміраваны інстытут моладзевых паслоў. Упэўнена, што ініцыятывы маладых людзей знойдуць сваё месца ў інавацыйных адукацыйных практыках ў інтарэсах дасягнення Мэтаў ўстойлівага развіцця. Толькі разам можна наблізіцца да універсальных прынцыпаў вырашэння праблем, якія стаяць перад сусветнай супольнасцю і датычацца кожнага з нас».

З прывітальным словам таксама выступілі намеснік Міністра адукацыі, Аляксандр Кадлубай, Пастаянны каардынатар ААН у Рэспубліцы Беларусь Іаана Казана-Вішнявецкі, Прадстаўнік Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь Рашэд Мустафа Сарвар, рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка Аляксандр Жук. Прывітальны адрас ўдзельнікам Фестывалю таксама быў накіраваны Пастаянным прадстаўніком ПРААН ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандрай Салаўёвай.

У рамках Фестывалю прайшлі:

  • інтэрактыўная выстава «АУР для ўсіх», якая прадставіла вопыт арганізацыі практык адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця ва ўстановах адукацыі, грамадскіх арганізацыях і мясцовых супольнасцях;
  •  публічныя лекцыі кіраўнікоў дзяржаўных органаў, міжнародных арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў і фондаў, сярод якіх лекцыі:

– «Моладзь – вядучыя агенты пераменаў у інтарэсах дасягнення МУР і рэалізацыі Дарожнай карты Рэспублікі Беларусь» (намеснік Міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай);

– «Глабальная позва ў катэгорыях ўстойлівага і адказнага развіцця» (старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рахманаў);

– «Развіццё як навука. Новы погляд» (Пастаянны прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь Аляксандра Салаўёва);

– «Устойлівае развіццё сваімі рукамі: практыкі захавання прыроды, даступныя кожнаму» (кіраўнік офіса Пастаяннага каардынатара ААН ў Рэспубліцы Беларусь Ягор Новікаў);

– «Экалогія і мы: актуальныя выклікі ў Рэспубліцы Беларусь і ў свеце (дырэктар установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў», каардынатар Партнёрскай групы ўстойлівага развіцця па экалагічных пытаннях, Яўген Лабанаў);

– «Ад ідэі праз бізнэс – да зорак!» (Старшыня Каардынацыйнага Савета Сеткі Глабальнага дагавора ААН у Беларусі, дырэктар Фонду «Дабра», кіраўнік найбуйнейшага конкурсу сацыяльных праектаў Беларусі Social Weekend, каардынатар Партнёрскай групы ўстойлівага развіцця па ўзаемадзеянні з бізнесам Аляксандр Скрабоўскі);

– «Адукацыя для ўсіх або да дасягнення МУР 4 разам: вопыт Германіі» (кіраўнік Прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў DVV-International у Рэспубліцы Беларусь, Галіна Верамейчык);

– «Практыка маніторынгу дасягнення МУР» (каардынатар напрамку «Маніторынг і ацэнка» Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЭФ) у Рэспубліцы Беларусь, Уладзімір Валетка).

  • тэматычныя майстар-класы па арганізацыі АУР для ўсіх: «Адукацыя ў глабальнай супольнасці»; «Адаптацыя да кліматычных змен»; «Маладыя агенты ўстойлівых перамен»; «Педагогі ўстойлівага развіцця»; «Школа без пластыка»; «Культура памяці ў мясцовай гісторыі»; «Дзеці для дарослых пра МУР»; «Адукацыя дарослых ва ўстойлівым развіцці рэгіёнаў».

Дэкада «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх» (АУР для ўсіх) – прастора для абмену вопытам арганізатараў практык бесперапыннай адукацыі і экспертаў у галіне АУР як вядучага механізму прасоўвання каштоўнасцяў Позвы-2030 і Мэтаў ўстойлівага развіцця сярод розных груп насельніцтва краіны. Дэкада «АУР для ўсіх» праводзіцца ў адпаведнасці з Планам мерапрыемстваў Савета па ўстойліваму развіццю на 2019-2020 гады ў рамках дзейнасці Партнёрскай групы ўстойлівага развіцця.

КАРТА САЙТА