Глабальны парадак-2030: гарады Беларусі сталі на шлях устойлівага развіцця
У прэс-цэнтры «БелТА» 23 студзеня 2020 прайшла прэс-канферэнцыя «Глабальны парадак-2030: гарады Беларусі на шляху ўстойлівага развіцця». Яна была прысвечаная пытанням зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі і ўкладу ў дасягненне Мэтаў устойлівага развіцця 3 (Добрае здароўе і дабрабыт), 7 (Недарагая і чыстая энергія), 8 (Годная праца і эканамічны рост), 9 (Індустрыялізацыя, інавацыі і інфраструктура), 11 (Устойлівыя гарады і населеныя пункты), 13 (Барацьба са змяненнем клімату), 17 (Партнёрства ў інтарэсах устойлівага развіцця).
У сваім выступленні Таццяна Кананчук, начальнік Галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, падкрэсліла важнасць зялёнай эканомікі і зялёнага горадабудаўніцтва для дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця. Зялёная эканоміка – гэта такая мадэль, якая стымулюе рост даходаў насельніцтва і павелічэнне колькасці працоўных месцаў без рызыкі для навакольнага асяроддзя. Пры гэтым забяспечваецца эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў і інклюзія розных груп насельніцтва. Прынцыпы зялёнай эканомікі станоўча ўплываюць на развіццё сельскіх тэрыторый, павышаюць даходы, прыцягваюць інвестыцыі. Таццяна Кананчук таксама адзначыла поспехі Беларусі ў дасягненні Мэтаў устойлівага развіцця: доля электрыфікацыі грамадскага транспарту ў Мінску склала 40% ад усяго наземнага пасажырскага транспарту, развіваюцца арганічная сельская гаспадарка, рух «Зялёныя гарады», інвестыцыі ў зялёныя прадпрыемствы, узятыя добраахвотныя абавязацельствы па памяншэнні выкідаў вуглякіслага газу. Яшчэ адным важным крокам на гэтым шляху як раз і з’яўляюцца пілотныя праекты па зялёным горадабудаўніцтве і выпрацоўка механізмаў для тыражавання вопыту зялёнага горадабудаўніцтва ў іншых гарадах Беларусі.
Ірына Усава, кіраўнік праекта «Зялёныя гарады», больш падрабязна спынілася на рэалізацыі праекта ў Беларусі. У рамках праекта для трох пілотных гарадоў Беларусі – Полацк, Наваполацк, Навагрудак – упершыню былі распрацаваныя новыя для Беларусі дакументы: Планы зялёнага горадабудаўніцтва. Таксама распрацавалі Адзіны план устойлівай гарадской мабільнасці для Полацка і Наваполацка. Галоўная мэта – зніжэнне выкідаў парніковых газаў.
Вера Сысоева, архітэктар, эксперт праекта «Зялёныя гарады» па зялёным горадабудаўніцтву, распавяла падрабязней аб тым, што ўяўляе з сябе план зялёнага горадабудаўніцтва.
План зялёнага горадабудаўніцтва дае дакладныя адказы на пытанні, чаму, дзе, як і што рабіць, каб горад устойліва развіваўся, сумяшчае стратэгію сацыяльна-эканамічнага развіцця з прасторавым развіццём тэрыторыі. Такім чынам усе задачы маюць сваю канкрэтную лакалізацыю на тэрыторыі горада. Сама стратэгія – гэта спіс прыярытэтаў і праектаў, якія горад хацеў бы рэалізаваць у бліжэйшыя 2-5 гадоў, а вектар развіцця яна задае на перспектыву да 2040 года. Важная задача – укараніць у беларускую практыку план зялёнага горадабудаўніцтва як метадычны дакумент, што спрыяе рэалізацыі Мэтаў устойлівага развіцця. Эксперты распрацавалі пералік канкрэтных мерапрыемстваў у гарадах на аснове бачання будучыні, якое вызначалася з удзелам саміх жыхароў горада і зацікаўленых бакоў на падставе апытання аб тым, якія гарадскія праблемы турбуюць іх зараз. Усяго ў апытаннях брала ўдзел каля 7000 гараджан.
Для кожнага з трох пілотных гарадоў (Полацк, Наваполацк, Навагрудак) падрыхтаваная серыя адкрытых картаграфічных матэрыялаў, якая ўключае звесткі пра стан жыллёвага фонду, якасць забудовы, размеркаванне шчыльнасці насельніцтва, зялёных тэрыторый, даступнасць прыпынкаў грамадскага транспарту і іншых аб’ектаў гарадской інфраструктуры (усяго 20 электронных карт для кожнага пілотнага горада, размяшчэнне якіх плануецца ў адкрытым доступе). План зялёнага горадабудаўніцтва ставіць акцэнты на скарачэнне выкідаў і спрыяльнае гарадское асяроддзе. Дакумент распрацоўваўся на падставе аналізу дзеючых праграм і міжнародна прызнаных індыкатараў. Ён зацверджаны мясцовым саветам дэпутатаў у якасці праграмы мясцовага развіцця і размешчаны на сайтах гарадскіх адміністрацый.
Якімі былі планы зялёнага горадабудаўніцтва ў пілотных гарадах?
- «Полацк. Навядзем масты». Сутнасць плана – абнавіць масты ў прамым сэнсе, наладзіць сувязі паміж рознымі часткамі горада, забяспечыць пераемнасць. Тры тэмы плана: рознабаковы горад, утульнае асяроддзе, гармонія з прыродай. Стратэгія: узмацненне цэнтра і развіццё самадастатковых раёнаў на аснове мадэлі транзітна-арыентаванага развіцця, фарміравання звязанасці раёнаў і забеспячэнне мабільнасці без лішніх аўто.
- «Наваполацк зноў новы. Версія 2.0». Мэта плана – павышэнне прывабнасці горада як месца для жыцця і працы, забеспячэнне ўстойлівага эканамічнага росту і паляпшэння якасці навакольнага асяроддзя. Прыярытэты плана: разумны, зручны горад, які папаўняецца. Стратэгіі: фарміраванне адзінай водна-зялёнай сістэмы, развіццё эканомікі замкнёнага цыклу, павышэнне камфорту пражывання з дапамогай разумных тэхналогій, транзітна-арыентаванае развіццё.
- «Навагрудак. Захаваем будучыню». Мэта плана – устойлівае развіццё для павышэння якасці жыцця насельніцтва. Прыярытэты: камфортнае гарадское асяроддзе, выкарыстанне гісторыка-прыроднага патэнцыялу мясцовасці і развіццё цыркулярнай эканомікі. Стратэгія: трансфармацыя існуючых раёнаў у адпаведнасці з прынцыпам зялёнага горадабудаўніцтва і рацыянальнага выкарыстання наяўных рэсурсаў. Так забяспечваецца зніжэнне паверхавасці забудовы і камфортныя двары. Бюджэт такіх праектаў для раёна – паўтара-два гадавых бюджэта, але, улічваючы тэрмін рэалізацыі да 2050 года, гэтыя сумы можна планаваць і прыцягваць інвестараў
Усе тры праекты павышаюць сацыяльную каштоўнасць тэрыторый і энергаэфектыўнасць забудовы, забяспечваюць роўныя ўмовы даступнасці да базавых гарадскіх структур.
Што канкрэтна зроблена ў рамках пілотных праектаў?
- У Наваградку адбылося ўрачыстае адкрыццё вуліц, аснашчаных сістэмай «разумнага» святлодыёднага асвятлення. Устаноўленыя 400 святлодыёдных свяцілень, 25 шаф кіравання і інтэлектуальная сістэма кіравання. Эканомія электраэнергіі можа дасягаць 30-40%, а зніжэнне выкідаў парніковых газаў за 10 гадоў – 13,3 тысяч тон СО2.
- Рыхтуецца тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне для сямі гарадоў Беларусі па мадэрнізацыі вулічнага асвятлення.
- Распрацаваныя рэкамендацыі па ўкараненні прынцыпаў зялёных закупак у практыку на гарадскім і раённым узроўні.
- Выпушчаная метадычная дапамога па арганізацыі і правядзенні закупак тавараў і паслуг з выкарыстаннем прынцыпаў зялёных закупак.
- Распрацаваная стратэгія разумнага ўстойлівага развіцця Брэста, зацверджаная ў якасці доўгатэрміновай стратэгіі ўстойлівага развіцця Брэста.
- У Полацку з’явілася выдзеленая паласа для грамадскага транспарту.
- У Полацку і Наваполацку абнаўляюцца роварныя палосы.
- Пачалося будаўніцтва канструктыўна выдзеленай пешаходнай і веладарожкі ў Наваполацку.
- У Полацку і Наваполацку ўкараняецца алгарытм «зялёная хваля» з дапамогай разумных святлафораў, сінхранізацыі працы святлафораў і дыстанцыйным кіраваннем алгарытмам працы. Гэта павялічыць хуткасць паведамлення транспарту, паменшыць колькасць разгонаў і тармажэнняў, што ў выніку знізіць выкіды СО2.
- У Полацку і Наваполацку ўсталююць сучасныя прыпыначныя пункты грамадскага транспарту з новымі інфармацыйнымі табло.
- У Наваполацку будуць устаноўленыя крытыя велапаркоўкі.
Якія яшчэ беларускія гарады стануць зялёнымі?
Па выніках конкурсу былі адабраныя 5 гарадоў для аказання экспертнай падтрымкі ў распрацоўцы Планаў дзеянняў па ўстойлівай энергіі і клімату: Баранавічы, Пружаны, Лёзна, Мсціслаў, Слаўгарад. А да распрацоўкі планаў зялёнага горадабудаўніцтва ў чэрвені 2019 года прыступілі Гарадок, Зэльва, Карма, Крычаў.
Праект «Зялёныя гарады» рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь пры фінансаванні Глабальнага экалагічнага фонду з 2016 па 2021 год і накіраваны на развіццё планаў зялёнага горадабудаўніцтва.