1

Інклюзіўная ініцыятыва «Ад здароўя кожнага да здаровага грамадства»

Са жніўня 2018 года ў Беларусі ГАГА «Інваліды-спінальнікі» рэалізоўвалася інклюзіўная ініцыятыва «Ад здароўя кожнага да здаровага грамадства».

Асноўная ідэя ініцыятывы – садзейнічанне развіццю здаровага ладу жыцця і павышэнне рухальнай актыўнасці людзей з інваліднасцю. Гэта важны ўнёсак у дасягненне Мэтаў устойлівага развіцця:
Мэта 3 – Забеспячэнне здаровага ладу жыцця і садзейнічанне дабрабыту для ўсіх у любым узросце 
Мэта 9 – Індустрыялізацыя, інавацыі і інфраструктура
Мэта 10 – Памяншэнне няроўнасці
Мэта 11 – Устойлівыя гарады і населеныя пункты
Мэта 17 – Партнёрства ў інтарэсах устойлівага развіцця.

Вынікі ініцыятывы падвялі на круглым стале ў Цэнтры інклюзіўнай культуры, які прайшоў 28 лютага 2020 г. у г. Гомель.

Мерапрыемствамі ініцыятывы было ахоплена больш за 500 чалавек.

У рамках рэалізацыі інклюзіўнай ініцыятывы была сфарміраваная абласная міжведамасная рабочая група, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Камітэта па працы, занятасці і сацабароне, упраўлення спорту і турызму, Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, грамадскіх аб’яднанняў людзей з інваліднасцю. Рабочая група правяла сустрэчы ў раёнах Гомельскай вобласці і выпрацавала схему ўзаемадзеяння для вырашэння пытанняў, звязаных з прасоўваннем правоў і інтарэсаў людзей з інваліднасцю. Таксама быў праведзены маніторынг 15 спартыўных аб’ектаў г. Гомель на прадмет безбар’ернага асяроддзя, у ТЦСАН Савецкага раёна Гомеля створаныя ўмовы безбар’ернага асяроддзя (замена трох уваходных дзвярэй, рамонт прыступак лесвіцы, устаноўка поручняў, выраблены і ўсталяваны пандус на ўваходзе). 

За перыяд са жніўня 2018 года ГАГА «Інваліды-спінальнікі» ў рамках ініцыятывы забяспечаная арганізацыя і правядзенне двух інклюзіўных прабегаў «Разам мы можам усё», двухдзённай абласной спартакіяды па паралімпійскіх відах спорту сярод людзей з інваліднасцю АРА, арганізацыя работы секцый па лёгкай атлетыцы, плаванні, бочэ, паўэрліфтынгу і настольным тэнісе ў ГОЦАР па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту і ў ТЦСАН Савецкага раёна, набыццё спартыўнага абсталявання для трэніровачнага працэсу ў ГОЦАР па паралімпійскім і дэфлімпійскім відам спорту. Акрамя таго, пяцёра людзей з рухальнай інваліднасцю скокнулі з парашутамі, пяць спецыялістаў прайшлі стажыроўку па правядзенні трэніровачнага працэсу па пяці відах інваспорту. Праводзілася інфармацыйная кампанія на мясцовым узроўні.

Старшыня ГАГА «Інваліды-спінальнікі» Генадзь Залатароў адзначае, што ў ініцыятывы ёсць будучыня: «Устойлівасць яе развіцця заключаецца ў тым, што навучаныя трэнеры па пяці відах спорту будуць і далей працаваць з людзьмі з інваліднасцю. Набытае абсталяванне палепшыць якасць трэніровачнага працэсу. Стварэнне ўмоў безбар’ернага асяроддзя пры падтрымцы Гомельскага абласнога і Гомельскага гарадскога выканкамаў дапамогуць людзям з інваліднасцю наведваць ТЦСАНы і спартыўныя аб’екты на пастаяннай аснове. Сумесная праца ў рамках ініцыятывы з грамадскімі аб’яднаннямі людзей з інваліднасцю і зацікаўленымі дзяржструктурамі падштурхнула нас да стварэння кааліцыі «Даступнае асяроддзе – інклюзіўная Беларусь» для больш аператыўнага вырашэння пытанняў людзей з інваліднасцю. Інклюзіўны прабег, выстава «Інклюзіўны горад» і абласная спартакіяда стануць штогадовымі».

Падчас рэалізацыі ініцыятывы 14 спартсменаў з інваліднасцю сталі пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў Рэспублікі Беларусь па відах спорту, 3 чалавекі выканалі кваліфікацыйны разрад майстра спорту Рэспублікі Беларусь, 7 чалавек – кандыдата майстра спорту Рэспублікі Беларусь.

Падтрымка ініцыятывы ажыццяўлялася ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» (БЕЛМЕД), што фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.