Конкурс «Энергія сонца для Зялёных школ» як крок да дасягнення МУР 7

Конкурс «Энергія сонца для Зялёных школ» праводзіўся кампаніяй А1 у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Праграмай Развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь. Галоўнай мэтай праекта было зрабіць экалагічную інфармацыю больш даступнай для школьнікаў.
Удзел у конкурсе прымалі навучальныя ўстановы – уладальніцы дыплома «Зялёнай школы». Яны паказалі свой вопыт у рэалізацыі экалагічных праграм, акцый і праектаў, а журы выбрала сем пераможцаў – па адным у кожным рэгіёне краіны і ў Мінску. Прызам стане ўстаноўка камплектаў спецыяльнага абсталявання для пераўтварэння сонечнай энергіі ў электрычную. Гэта наглядна дэманструе канкрэтны ўклад у дасягненне Мэты ўстойлівага развіцця 7 «Забеспячэнне ўсеагульнага доступу да недарагіх, надзейных, устойлівых і сучасных крыніц энергіі для ўсіх».
Першая сонечная панэль ўжо ўстаноўленая ў Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей-інвалідаў. Да канца года сонечныя панэлі таксама размесцяць у Кобрынскім раённым цэнтры экалогіі, турызму і краязнаўства (Брэсцкая вобласць), сярэдняй школе № 16 г. Оршы (Віцебская вобласць), Уцеўскай сярэдняй школе Добрушскага раёна (Гомельская вобласць), гімназіі г. Смаргонь (Гродзенская вобласць), Барысаўскім цэнтры экалогіі і турызму (Мінская вобласць) і сярэдняй школе № 3 г. Асіповічы (Магілёўская вобласць).
Больш падрабязна пра конкурс можна пачытаць на сайце Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.