1

Ліпень у Беларусі аб’яўлены месяцам актыўнага турызму

Нацыянальнае агенцтва па турызме аб’явіла ліпень 2025 года месяцам актыўнага турызму, закліканым прыцягнуць увагу да магчымасцей актыўнага адпачынку ў Рэспубліцы Беларусь і садзейнічаць папулярызацыі яе унікальнай прыроднай і культурнай спадчыны.

Беларусь мае вялікі патэнцыял для развіцця актыўнага турызму. Разнастайны ландшафт, які ўключае густыя лясы, найчыстыя азёры, звілістыя рэкі і забалочаныя тэрыторыі, ствараюць спрыяльныя ўмовы для арганізацыі розных відаў актыўнага адпачынку, якія адпавядаюць інтарэсам шырокага круга турыстаў.

Для правядзення месяца актыўнага турызму Нацыянальным агенцтвам па турызме зацверджаны план мерапрыемстваў, які ўключае прэс-канферэнцыі, акцыі, конкурсы, спаборніцтвы, семінары і іншыя падзеі. Пры гэтым кожны тыдзень месяца будзе прысвечаны пэўнаму віду турызму:

  • 7–13 ліпеня – Тыдзень пешага турызму. У гэты час аматары пешых прагулак змогуць адправіцца ў падарожжы па беларускіх лясах, палях і гарах, адкрыць для сябе новыя экалагічныя сцежкі і маршруты
  • 14–20 ліпеня – Тыдзень велатурызму. У гэты час рэгіёнамі будуць арганізаваны велапрабегі, велафестывалі, экскурсіі на веласіпедах, а таксама конкурсы і акцыі для аматараў двухколавага транспарту
  • 21–27 ліпеня – Тыдзень воднага турызму. У гэты перыяд беларускія рэкі і азёры стануць пляцоўкай для байдарачных сплаваў, водных прагулак, рыбалоўных турніраў і іншых водных прыгод

Пры развіцці актыўнага турызму асаблівая ўвага надаецца пытанням аховы навакольнага асяроддзя, выкананню правіл экалагічных паводзін і беражлівых адносін да прыроды, што ўносіць важны ўклад у дасягненне Рэспублікай Беларусь Мэт устойлівага развіцця 13, 14, 15 і іншых МУР.