1

Мінпрыроды праводзіць грамадскія абмеркаванні праекта Стратэгіі кіравання воднымі рэсурсамі ва ўмовах змены клімату на перыяд да 2030 года

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь праводзіць грамадскія абмеркаванні праекта Стратэгіі кіравання воднымі рэсурсамі ва ўмовах змянення клімату на перыяд да 2030 года і справаздачы па вызначэнні сферы ахопу стратэгічнай экалагічнай ацэнкі (СЭА) праекта гэтай стратэгіі. Азнаёміцца з поўным тэкстам дакументаў можна на сайце Мінпрыроды. Заўвагі і прапановы можна накіроўваць у адрас Мінпрыроды да 2 красавіка 2020 года.

Галоўнай мэтай Стратэгіі з’яўляецца дасягненне доўгатэрміновай воднай бяспекі краіны для яе цяперашняга і будучых пакаленняў. Стратэгія распрацаваная ў адпаведнасці з Водным Кодэксам Рэспублікі Беларусь, Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года і іншымі нарматыўнымі прававымі актамі ў галіне аховы і выкарыстання водных рэсурсаў Беларусі.

Водныя рэсурсы з’яўляюцца адным з ключавых элементаў устойлівага развіцця, які мае вялікае значэнне для яго сацыяльных, эканамічных і экалагічных аспектаў, і задачы па іх захаванню і ўстойліваму выкарыстанню прадугледжаныя ў Мэце ўстойлівага развіцця 6.

Задачы і іх індыкатары для МУР 6 з’яўляюцца таксама задачамі і паказчыкамі праекта стратэгіі. Базавымі паказчыкамі выступаюць звесткі за 2015-2016 гады, у тым ліку:

Задача 1. Да 2030 года забяспечыць усеагульны і раўнапраўны доступ да бяспечнай і недарагі пітной вады для ўсіх.

Задача 2. Да 2030 года забяспечыць доступ насельніцтва да належных і справядлівых паслуг у галіне водаадвядзення.

Задача 3. Да 2030 павысіць якасць прыродных вод з дапамогай памяншэння забруджвання, і звядзення да мінімуму скідаў небяспечных хімічных рэчываў і матэрыялаў, спынення скіду недастаткова вычышчаных сцёкавых вод і павелічэння паўторнага (паслядоўнага) выкарыстання. У вырашэнні гэтай задачы значную пазітыўную ролю можа адыграць пераход на выплату экалагічнага падатку ў залежнасці ад масы скіду забруджвальных рэчываў у складзе сцёкавых вод.

Задача 4. Павысіць эфектыўнасць водакарыстання ва ўсіх галінах эканомікі і забяспечыць устойлівае водазабеспячэнне насельніцтва.

Задача 5. Укараніць комплекснае кіраванне воднымі рэсурсамі (ККВР) на ўсіх узроўнях, у тым ліку з дапамогай трансгранічнага супрацоўніцтва ў адпаведных выпадках.

Задача 6. Забяспечыць ахову і аднаўленне водных экасістэм.

Фота: permaculturewomen.com