Нацыянальны план дзеянняў па развіцці зялёнай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь на 2021-2025 гады вынесены на грамадскае абмеркаванне

На грамадскае абмеркаванне вынесены праект пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб зацвярджэнні Нацыянальнага плана дзеянняў па развіцці зялёнай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь на 2021-2025 гады».
У Нацыянальны план прапаноўваецца ўключыць комплекс мерапрыемстваў, якія будуць прадугледжваць:
- укараненне прынцыпаў устойлівага спажывання і вытворчасці;
- развіццё сферы зялёнага фінансавання, эканомікі замкнёнага цыклу (цыркулярнай эканомікі), арганічнай сельскай гаспадаркі, экалагічнага (устойлівага) турызму, нізкавугляроднай энергетыкі, электратранспарту (інфраструктуры) і гарадской мабільнасці;
- фарміраванне разумных і энергаэфектыўных, зялёных гарадоў;
- змякчэнне наступстваў змены клімату і адаптацыя да кліматычных зменаў;
- захаванне і ўстойлівае выкарыстанне біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці;
- правядзенне інфармацыйных, адукацыйных мерапрыемстваў;
- навуковае забеспячэнне пераходу да зялёнай эканомікі.
Арганізатарам грамадскага абмеркавання з’яўляецца Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Заўвагі і прапановы можна выказаць у адмысловай тэме на Прававым форуме Беларусі.
Са зводнай табліцай заўваг і прапаноў, разгледжаных падчас публічнага абмеркавання праекта пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб зацвярджэнні Нацыянальнага плана дзеянняў па развіцці зялёнай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь на 2021-2025 гады», можна азнаёміцца на Нацыянальным прававым партале.