Нацыянальныя падыходы да вымярэння лічбавай эканомікі прадстаўлены на Форуме ШАС

10-11 ліпеня 2025 года ў Пекіне (КНР) праходзілі Міністэрскі навучальны семінар Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) па лічбавай эканоміцы і Форум лічбавай эканомікі ШАС, якія сталі пляцоўкай для абмену вопытам і дэманстрацыі найноўшых дасягненняў у сферы лічбавых тэхналогій. Цэнтральная тэма мерапрыемстваў – тэндэнцыі развіцця лічбавай эканомікі, сістэмы фарміравання элементаў даных, а таксама нацыянальныя падыходы краін-удзельніц да збору і распаўсюджвання даных у гэтай галіне.
Рэспубліку Беларусь на мерапрыемствах прадстаўлялі намеснік Старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь Наталля Тарасюк і начальнік упраўлення статыстыкі транспарту і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь Таццяна Максімава.
У рамках Форума беларуская дэлегацыя прадставіла свой вопыт у галіне вымярэння лічбавай эканомікі, прыняла ўдзел у тэматычных семінарах і закрытым пасяджэнні міністраў лічбавай эканомікі краін ШАС.
У сваім выступленні Наталля Тарасюк указала на значныя поспехі, дасягнутыя Беларуссю ў развіцці нацыянальнай інфармацыйнай інфраструктуры, стварэнні дзяржаўных інфармацыйных сістэм і рэсурсаў за апошнія гады. Асаблівую ўвагу яна ўдзяліла распрацаванаму Белстатам пераліку нацыянальных статыстычных паказчыкаў развіцця лічбавай эканомікі, які ўключае 35 паказчыкаў, згрупаваных у пяць ключавых блокаў.
«Удзел у мерапрыемствах ШАС па лічбавай эканоміцы падкрэслівае імкненне Беларусі да развіцця лічбавай эканомікі і гатоўнасць дзяліцца сваім вопытам. Мы спадзяемся, што на аснове ўзаемнай павагі і ўзаемнай выгады будзе выбудавана мадэль адкрытага супрацоўніцтва. Асабліва важна паглыбляць практычнае ўзаемадзеянне ў такіх галінах, як лічбавая інфраструктура, збор і апрацоўка даных, у тым ліку па новых галінах эканомікі, падрыхтоўка лічбавых кадраў, бо высокія тэмпы лічбавага развіцця ўплываюць не толькі на стандартныя працэсы працы, але і на запатрабаванні ключавых галін эканомікі ў кадрах і кампетэнцыях. Рэалізацыя такіх падыходаў дазволіць сумесна вырашаць выклікі лічбавай трансфармацыі, якія стаяць перад намі», – рэзюмавала намеснік Старшыні Белстата
Больш падрабязна з выступленнем можна азнаёміцца па спасылцы.