Пераадолець эпідэмію СНІДу — адна з задач Мэты ўстойлівага развіцця 3 - Мэты ўстойлівага развіцця у Беларусі

Пераадолець эпідэмію СНІДу — адна з задач Мэты ўстойлівага развіцця 3

2 снежня 2020

Напярэдадні Сусветнага дня барацьбы са СНІДам у Беларусі прайшла тэматычная прэс-канферэнцыя, арганізаваная Нацыянальным прэс-цэнтрам Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам аховы здароўя і Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. На ёй абмеркавалі сітуацыю з распаўсюджваннем ВІЧ-інфекцыі ў свеце, сістэму медыцынскай дапамогі людзям з ВІЧ-інфекцыяй у Рэспубліцы Беларусь і ўплыў пандэміі COVID-19 на барацьбу медыкаў супраць распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі.

Паводле звестак эпідэміялагічнай службы, у Беларусі на 1 лістапада 2020 года было выяўлена 22 792 чалавекі з ВІЧ-інфекцыяй. Пры гэтым у грамадстве захоўваецца негатыўнае стаўленне да людзей, якія жывуць з ВІЧ, з-за чаго многія баяцца абследавацца, што прыводзіць да позняга выяўлення захворвання, павялічвае рызыкі пагаршэння здароўя, смерці, далейшай перадачы інфекцыі і нясе сур’ёзныя эканамічныя наступствы. Адной з прычын з’яўляецца крымінальная адказнасць не толькі за перадачу ВІЧ-інфекцыі, але і пастаноўку ў небяспеку заражэння ВІЧ-інфекцыяй, а такі падыход выклікае стыгматызацыю. Для вырашэння гэтага пытання Міністэрства аховы здароўя сумесна з агенцтвамі ААН у Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць падрыхтоўку прапаноў па ўдасканаленні Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусі.

Спыніць да 2030 года эпідэмію СНІДу з’яўляецца адной з задач Мэты ўстойлівага развіцця 3 «Добрае здароўе і дабрабыт». Дзякуючы прафілактыцы, эфектыўнай антырэтравіруснай тэрапіі і сумесным намаганням міжнародных, нацыянальных і няўрадавых арганізацый колькасць новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі ў свеце з кожным годам зніжаецца, а Беларусі на працягу некалькіх гадоў удаецца пацвярджаць статус краіны, якая элімініравала перадачу ВІЧ ад маці дзіцяці. Відэаверсію брыфінгу, які прысвечаны Дню барацьбы са СНІДам, можна паглядзець на сайце Нацыянальнага прэс-цэнтра.

КАРТА САЙТА