1

Перспектывы ўкаранення прынцыпаў цыркулярнай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь абмеркавалі на круглым стале ў Мінску

27 лютага 2020 года ў Мінску адбыўся круглы стол «Развіццё цыркулярнай эканомікі ў Беларусі – шляхі ўдасканалення падыходаў да ўпакоўкі».

Эканоміка замкнёнага цыклу (кругавая эканоміка, цыркулярная эканоміка) з’яўляецца асноўным кампанентам ўстойлівага развіцця і зялёнай эканомікі. Пры гэтым аднойчы створаны кошт захоўваецца ў эканоміцы максімальна працяглы тэрмін. Фокус робіцца на ўсіх фазах жыццёвага цыкла прадукцыі: дызайне прадукту, здабычы сыравіны, вытворчасці, збыце, карыстанні і кіраванні адкідамі. Укараненне цыркулярнай эканомікі з’яўляецца важным укладам у Мэты ўстойлівага развіцця 8 (дастойная работа і эканамічны рост), 9 (індустрыялізацыя, інавацыі і інфраструктура) і 12 (адказнае спажыванне і вытворчасць).

Намеснік міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Матусевіч адзначыў патэнцыял Беларусі ў пераходзе на зялёную і цыркулярную эканоміку, укараненне прынцыпаў якой можа забяспечыць Беларусі 12-15% прыросту ВУП.

Удзельнікі круглага стала абмеркавалі ўстойлівыя падыходы да ўпакоўкі спажывецкіх тавараў у кантэксце цыркулярнай эканомікі. Начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Сазонава агучыла дадзеныя па ўзроўні выкарыстання камунальных адходаў у Беларусі – ён не перавышае 22,8%. Пластыка сярод камунальных адходаў – 280 тысяч тон. Старшы навуковы супрацоўнік аддзела прыродакарыстання і развіцця зялёнай эканомікі ДНУ «Навукова-даследчы эканамічны інстытут Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь» Аляксандр Шушкевіч растлумачыў, што ў Беларусі няма якаснай сістэмы ўліку і кантролю упакоўкі, якая вырабляецца, імпартуецца і экспартуецца, а цыркулярная эканоміка мае патрэбу ў папярэдніх даследаваннях і аналітыцы. Пакуль ацаніць аб’ёмы выкарыстання ўпакоўкі кожнага віду складана: яна ствараецца па розных тэхналогіях.

Кіраўнік установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў» Яўген Лабанаў прадставіў даклад аб міжнародных практыках, што накіраваныя на прадухіленне ўтварэння адходаў пластыкавай упакоўкі ў рознічным гандлі, а таксама даў шэраг рэкамендацый для змены сітуацыі ў беларускім сегменце рытэйла.

Доктар Хенінг Вільтс, кіраўнік кірунку «Цыркулярная эканоміка» Вупертальскага інстытута клімату, навакольнага асяроддзя і энергіі звярнуў увагу на важнасць стратэгічнага бачання і цэласнага падыходу. Напрыклад, прадукцыя ў іншай упакоўцы можа хутчэй псавацца або могуць вырасці выдаткі на транспарціроўку і выкіды СО2. А самае важнае ва ўкараненні новай сістэмы – знізіць нагрузку на навакольнае асяроддзе.

Абмежаванні на рэалізацыю аднаразовага пластыка цяпер ёсць у 127 краінах свету. У краінах Еўрасаюза прынятая дырэктыва, у адпаведнасці з якой з 2021 года выкарыстанне некаторых аднаразовых прадметаў будзе забаронена. У іх ліку пластыкавы посуд, ватовыя палачкі і палачкі для паветраных шарыкаў. Вытворчасць аднаразовых кантэйнераў для харчовых прадуктаў і шкляначак будзе абмежаваная, а да 2030 года ўся пластыкавая ўпакоўка на рынку Еўрасаюза павінна падлягаць перапрацоўцы. У Беларусі плануецца ўкараніць дэпазітную сістэму абароту тары, а з 1 студзеня 2021 года ў сілу ўступіць забарона на выкарыстанне і продаж некаторага аднаразовага посуду.