Платформа для смарт-індустрыі будзе створаная ў Беларусі

Смарт-індустрыя – гэта прамысловы комплекс на сучаснай тэхналагічнай базе і прынцыпах арганізацыі і кіравання лічбавай вытворчасцю. Такая вытворчасць дазваляе паскорыць дасягненне Мэтаў устойлівага развіцця 9 (Індустрыялізацыя, інавацыі і інфраструктура), 8 (Дастойная работа і эканамічны рост), 11 (Устойлівыя гарады і населеныя пункты).
Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь сфарміраваны аргкамітэт па стварэнні арганізацыйна-тэхналагічнай платформы «Смарт-індустрыя Беларусі». У яго склад увайшлі прадстаўнікі профільных дзяржаўных органаў, арганізацый рэальнага сектара ўсіх формаў уласнасці, суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры, бізнэс-асацыяцый у сферы высокіх тэхналогій, якія валодаюць ключавымі кампетэнцыямі, сістэмным і канцэптуальным мысленнем. Аргкамітэт распрацуе алгарытмы дзейнасці платформы, вызначыць арганізацыйную прававую форму для яе і канцэпцыю развіцця.
Арганізацыйна-тэхналагічная платформа «Смарт-індустрыя Беларусі» стане новым дыялогавым інструментам. З яе дапамогай можна будзе ўкараняць прынцыпова новыя для Рэспублікі Беларусь бізнэс-мадэлі і паскорыць лічбавую трансфармацыю рэальнага сектара эканомікі. Платформа аб’яднае намаганні і інтарэсы прыватнага сектара і экспертаў, дапаможа супрацоўніцтву і ўзаемадзеянню ў распрацоўцы нарматыўна-прававой базы і стратэгіі для цыфравізацыі эканомікі, рэалізацыі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, уласных інавацыйных праектаў у галіне лічбавай трансфармацыі рэальнага сектара.
Фота: sb.by