Праект па занятасці моладзі ў сацустановах стартаваў у Беларусі

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь рэалізуе праект па часовай занятасці моладзі ў сацыяльных установах «Час добрых спраў».
Праект прапануе моладзі магчымасць дапамагчы пажылым людзям і людзям з інваліднасцю. Удзельнікі змогуць папрацаваць у сацыяльных установах і рэабілітацыйных майстэрнях, дзе будуць займацца арганізацыяй мерапрыемстваў, навучаннем камп’ютарнай пісьменнасці і іншымі задачамі.
Усяго праект ахопіць 154 установы па ўсёй краіне, сярод якіх пансіянаты, тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, і прадаставіць працу каля 700 маладым людзям. Прыняць удзел у ім могуць юнакі 14–16 гадоў, якія зоймуцца навучаннем пенсіянераў і людзей з інваліднасцю, дапамогай у пунктах пракату і ўдзелам у мерапрыемствах. Таксама моладзь ад 16 гадоў зможа паспрабаваць сябе ў суправаджэнні, бытавой дапамозе і працы ў майстэрнях.
Каб прыняць удзел у праекце «Час добрых спраў», неабходна звярнуцца ў службу занятасці па месцы жыхарства. Там дапамогуць выбраць прыдатную ўстанову. Праект ужо стартаваў і працягнецца да канца 2025 года. Улічваючы сацыяльную значнасць ініцыятывы, плануецца яе прадаўжэнне або пашырэнне фармату.
Праект «Час добрых спраў» падорыць удзельнікам унікальны вопыт работы ў сацыяльнай сферы, дасць магчымасць вызначыцца з будучай прафесіяй, а таксама будзе садзейнічаць сацыялізацыі пажылых людзей і людзей з інваліднасцю, што ўнясе важны ўклад у дасягненне Рэспублікай Беларусь Мэт устойлівага развіцця 8, 10 і іншых МУР.