1

Праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні тарфянікаў» разглядзелі ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні тарфянікаў» быў прыняты ў першым чытанні 2 кастрычніка 2019 года на сёмай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

Прыняцце Закона будзе спрыяць рэалізацыі правоў грамадзян на спрыяльнае навакольнае асяроддзе, выкананню абавязацельстваў па міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь, а таксама дасягненню Мэт устойлівага развіцця ў галіне захавання і аднаўлення натуральных экасістэм, рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, у прыватнасці, Мэты ўстойлівага развіцця 15 – «Захаванне экасістэм сушы».

Законапраект накіраваны на комплекснае рэгуляванне на заканадаўчым узроўні шматстайных грамадскіх адносін у галіне аховы і выкарыстання тарфянікаў – і тых, якія знаходзяцца ў натуральным або блізкім да натуральнага стане (балоты), і тых, якія былі асушаныя для розных мэтаў. 

Законапраектам вызначаюцца: 

  • кампетэнцыя дзяржаўных органаў у сферы аховы і выкарыстання тарфянікаў; 
  • парадак распрацоўкі схемы размеркавання тарфянікаў па кірунках выкарыстання; 
  • парадак устанаўлення межаў тарфянікаў, пытанні вядзення іх уліку; 
  •  рэжым аховы і выкарыстання натуральных балот, парадак кіравання імі; 
  • патрабаванні па рацыянальным выкарыстанні асушаных тарфянікаў пры ажыццяўленні гаспадарчай дзейнасці (сельская гаспадарка, лясная гаспадарка, здабыча торфу і г. д.); 
  • патрабаванні па ахове і выкарыстанню тарфянікаў пры плантацыйнам вырошчванні раслін, а таксама пры высечках і кашэнні балотнай расліннасці ў мэтах захавання натуральных балот або атрымання расліннай біямасы; 
  • парадак экалагічнай рэабілітацыі тарфянікаў;  
  • пытанні навуковага забеспячэння ў галіне аховы і выкарыстання тарфянікаў, іх інвентарызацыі, маніторынгу і іншыя пытанні. 

Пры падрыхтоўцы праекта Закона ўлічваліся палажэнні стратэгіі захавання і рацыянальнага (устойлівага) выкарыстання тарфянікаў, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2015 г. № 1111, а таксама практыка прымянення існуючых прававых нормаў у гэтай сферы.