1

Публічныя слуханні сацыяльна адказных кампаній адбыліся ў Мінску

28 лістапада 2019 года другі раз у Мінску прайшлі штогадовыя публічныя слуханні сацыяльна адказных кампаній.

У публічных слуханнях, якія фонд «Добра» арганізаваў у партнёрстве з ААТ «ААБ Беларусбанк», прынялі ўдзел прадстаўнікі бізнэс-кампаній, дзяржаўных органаў і міжнародных арганізацый – бо карпаратыўная сацыяльная адказнасць як раз і прадугледжвае партнёрства бізнэсу, улады і грамадства, а таксама ўкараненне статэгіі ўстойлівага развіцця ў кожную арганізацыю.

Удзельнікі публічных слуханняў абмеркавалі, чаму для кампаній выгадна ўдзельнічаць у вырашэнні сацыяльных пытанняў – гэта ў сваю чаргу будзе спрыяць паскарэнню дасягнення Мэт устойлівага развіцця.

Аляксандр Скрабоўскі, дырэктар фонду «Добра», каардынатар партнёрскай групы ўстойлівага развіцця па ўзаемадзеянні з бізнэсам, звярнуў увагу на неабходнасць інавацыйных падыходаў, якія дазволяць і рабіць важныя для грамадства справы, і зарабляць. Сацыяльная адказнасць – гэта гарантыя прэстыжу і стабільнага росту кампаніі. «Сусветная практыка паказвае, што сацыяльна адказны бізнэс расце хутчэй. І ў далейшым спажыўцы ўсё больш будуць патрабаваць сацыяльна адказных паводзінаў ад кампаній», – адзначыў ён.

Сярод паспяховых праектаў, якія былі прадстаўлены на публічных слуханнях, – праекты ў сферы зааабароны і экалогіі, медыцыны і адукацыі. Гэта, напрыклад, «Настаўнік для Беларусі» (пры падтрымцы «БПС-Сбербанк»), праект «Старшы спецыяліст» (сетка аптэк ADEL), адкрыццё дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і навучанне касіраў мове жэстаў («Беларусбанк») і іншыя.

Таксама год таму фонд «Добра» анансаваў з’яўленне індэкса, які ацэніць карпаратыўную ўстойлівасць і адказнасць беларускіх кампаній. Індэкс – гэта лічбавы паказчык, які створаны для ацэнкі і самаацэнкі дзейнасці кампаніі ў сферы ўстойлівага развіцця і карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці. Ацэньваюцца кампаніі па чатырох групах крытэрыяў: працоўныя адносіны і правы чалавека, добрасумленныя дзелавыя практыкі, спажыўцы і ўдзел у жыцці супольнасцяў, навакольнае асяроддзе. Усяго прадстаўлены 134 паказчыкі. Па выніках апытання кожнай кампаніі прысвойваецца індэкс сацыяльнай устойлівасці і адказнасці – лічба ад 0 да 12. Ацэнку прайшлі ўжо 23 беларускія кампаніі.

За доўгатэрміновы ўклад ва ўстойлівае развіццё Рэспублікі Беларусь «Белгазпрамбанк», «Беларусбанк» і кампанія «Адані» былі ўзнагароджаныя падзякамі Нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Марыяны Шчоткінай і фонду «Добра». Яшчэ пяць прадстаўнікоў бізнэс-супольнасці ўзнагароджаныя за новыя практыкі адказнага бізнесу ў Беларусі.