1

Сацыялізацыя, рэабілітацыя і працаўладкаванне людзей з інваліднасцю як крок да дасягнення Мэты ўстойлівага развіцця 10

13 лістапада 2020 г. прайшло пасяджэнне Рэспубліканскага міжведамаснага савета па праблемах людзей з інваліднасцю. У ім удзельнічалі члены Рэспубліканскага міжведамаснага савета, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў «БелТІ», «БелТГ», «БелТІЗ» «БелАДДІ і МІ», «РАІК» і іншых арганізацый.

Са складам Рэспубліканскага міжведамаснага савета і палажэннем аб яго працы можна азнаёміцца на сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.

На пасяджэнні абмеркавалі пытанні сацыялізацыі, рэабілітацыі і працаўладкавання людзей з інваліднасцю, важнасць узаемадзеяння розных структур паміж сабой для найбольш эфектыўнай дапамогі людзям з інваліднасцю. Узнімалася таксама пытанне стварэння раённых і абласных міжведамасных саветаў з удзелам грамадскіх арганізацый, якія паказалі высокую эфектыўнасць і выніковасць працы. Па прапанове грамадскіх аб’яднанняў, якія працуюць у інтарэсах людзей з інваліднасцю, быў сфарміраваны пералік сродкаў рэабілітацыі, якія неабходныя для догляду і павышэння якасці жыцця пацыентаў, якія праходзяць рэабілітацыю ва ўстановах аховы здароўя. У 2021 годзе сродкамі рэабілітацыі з гэтага пераліку будуць абсталёўвацца ўсе ўстановы аховы здароўя.

Важным з’яўляецца і пытанне працаўладкавання людзей з інваліднасцю. У рамках прафарыентацыйнай работы органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне за 2020 год праведзена больш за дзве тысячы індывідуальных прафесійных кансультацый беспрацоўных людзей з інваліднасцю. На пасяджэнні таксама абмеркавалі падтрымку прадпрыемстваў, на якіх працуюць людзі з інваліднасцю, працу па сацыялізацыі і рэабілітацыі людзей з інваліднасцю, магчымасць дапамогі дзяржавы, каб прадпрыемствы грамадскіх аб’яднанняў заставаліся канкурэнтаздольнымі, выпрацоўку канкрэтных практычных рашэнняў па працаўладкаванні людзей з інваліднасцю ў рэгіёнах, стварэнне дадатковых працоўных месцаў.

Сацыялізацыя, рэабілітацыя і працаўладкаванне людзей з інваліднасцю важныя для дасягнення Мэт устойлівага развіцця 3 «Добрае здароўе і дабрабыт», 8 «Годная праца і эканамічны рост», 10 «Памяншэнне няроўнасці». У прыватнасці, адной з задач Мэты 10 з’яўляецца заахвочванне актыўнага ўдзелу ўсіх людзей у сацыяльным, эканамічным і палітычным жыцці незалежна ад інваліднасці.