1

Студэнты БДУ запусцілі праект па навучанні школьнікаў асновам права

З мэтай павышэння ўзроўню прававой пісьменнасці сярод моладзі студэнты юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта запусцілі праект «Права на кожны дзень» (Street Law).

Ідэя праекта заключаецца ў навучанні школьнікаў прававым асновам праз сучасныя гульні, якія змяшчаюць заданні юрыдычнай тэматыкі, максімальна адаптаваныя да рэальных працэсаў. Напрыклад, скласці з літар назву заканадаўчага дакумента, справядліва падзяліць маёмасць пры разводзе, зрабіць агляд месца злачынства і інш. Усе заданні для гульняў і тэматыку сустрэч распрацоўваюць студэнты-юрысты БДУ з улікам узросту навучэнцаў.

Акрамя таго, у рамках праекта студэнтамі будуць арганізаваны лекцыі і семінары, прысвечаныя правам, абавязкам і адказнасці кожнага грамадзяніна, а таксама заканадаўчым асновам дзяржавы.

Праект «Права на кожны дзень» садзейнічае фарміраванню грамадзянскай адказнасці, талерантнасці, здольнасці да паспяховай сацыялізацыі ў грамадстве, а таксама робіць уклад у дасягненне Рэспублікай Беларусь Мэт устойлівага развіцця 4, 16 і іншых МУР.

З больш падрабязнай інфармацыяй аб праекце можна азнаёміцца па спасылцы: https://bsu.by/news/studenty-bgu-zapustili-proekt-pravo-na-kazhdyy-den-d/.