Супрацьдзеянне гвалту ў сям’і – адна з важных тэм па рэалізацыі Парадку 2030

19 лютага 2020 года адбыўся круглы стол, прысвечаны абмеркаванню актуальных пытанняў і праблем процідзеяння гвалту ў сям’і ў Рэспубліцы Беларусь. У яго працы ўзялі ўдзел прадстаўнікі судовай сістэмы, МУС, Генеральнай пракуратуры, міністэрстваў адукацыі, працы і сацыяльнай абароны, грамадскіх аб’яднанняў.
Магчымасць жыць у сям’і без гвалту – важная частка на шляху да дасягнення Мэты ўстойлівага развіцця 5 (Забеспячэнне гендарнай роўнасці і пашырэнне правоў і магчымасцяў ўсіх жанчын і дзяўчынак). Гендарная роўнасць – гэта не толькі адно з асноўных правоў чалавека, але і неабходная аснова для дасягнення міру, росквіту і ўстойлівага развіцця. На жаль, паводле некаторых ацэнак, адна з пяці жанчын і дзяўчынак ва ўзросце 15–49 гадоў адчувае фізічны або сэксуальны гвалт хоць бы аднойчы ў жыцці. Па дадзеных ААН, у 49 краінах свету да гэтага часу няма заканадаўства, якое крыміналізуе хатні гвалт.
У Беларусі дзейнічае механізм узаемадзеяння паміж адпаведнымі дзяржаўнымі органамі і грамадскімі арганізацыямі, які накіраваны на абарону ад гвалту і аказанне падтрымкі пацярпелым, прыцягненне да адказнасці вінаватых. Тым не менш ёсць шэраг праблемных пытанняў, што патрабуюць абмеркавання і рашэння – пра іх і гаварылі на круглым стале ў рамках падрыхтоўкі пасяджэння Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, якое мае адбыцца ў сакавіку бягучага года і будзе прысвечанае практыцы разгляду судамі спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, прадугледжаных артыкулам 9.1 КоАП.
Валерый Калінковіч, першы намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, адзначыў, што абагульненне судовай практыкі па справах дадзенай катэгорыі выявіла шэраг праблемных пытанняў, што звязаныя з тэмай хатняга гвалту. Неабходна кансалідаваць намаганні дзеля зніжэння колькасці правапарушэнняў у сферы хатняга гвалту і іх папярэджання.
Дзмітрый Улога, суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, паведаміў аб адміністрацыйнай адказнасці ў сферы процідзеяння гвалту ў сям’і зыходзячы з дадзеных судовай статыстыкі. Паводле словаў дакладчыка, такія справы (па арт. 9.1 КоАП) складаюць практычна 20% ад усіх разгледжаных судамі спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях і амаль 10% ад усяго аб’ёму судаводства. Дзмітрый Улога адзначыў, што з моманту ўключэння заканадаўцам у артыкул 9.1 КоАП частцы другой (якая прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за нанясенне пабояў, якія не пацягнулі за сабой прычынення цялесных пашкоджанняў, наўмыснае прычыненне болю, фізічных ці псіхічных пакутаў, якія учыненыя блізкаму сваяку або члену сям’і) ужо прайшло больш за шэсць гадоў. Акрамя таго, два гады дзейнічае адказнасць за парушэнне ахоўнага прадпісання. І сёння неабходна ацаніць эфектыўнасць мер па абароне правоў пацярпелых ад гвалту ў сям’і, якія прымае дзяржава, а таксама абмеркаваць практыку прымянення гэтых нормаў, напрамкі далейшага развіцця заканадаўства ў гэтай сферы.
Алег Каразей, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МГБ – начальнік упраўлення прафілактыкі ГУАПП МГБ Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, выступіў з дакладам аб дзейнасці органаў унутраных спраў па супрацьдзеянні гвалту ў сям’і. Ён звярнуў увагу на тое, што тэма процідзеяння сямейнаму гвалту становіцца ўсё больш актуальнай: летась 110 чалавек загінула менавіта ў выніку злачынстваў, учыненых у побыце, а па сацыялагічных даследаваннях з фізічным гвалтам сутыкаецца кожная трэцяя жанчына. Прадстаўнік МУС распавёў пра комплекс мер па супрацьдзеянні гвалту ў сям’і. У прыватнасці, пра выкарыстанне такога інструмента прававой абароны пацярпелага, як ахоўнае прадпісанне, гэта значыць устанаўленне грамадзяніну, які здзейсніў гвалт у сям’і, абмежаванняў на здзяйсненне вызначаных дзеянняў. Алег Каразей нагадаў, што планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2020 год прадугледжваецца распрацоўка закона «Аб змене законаў па пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў», дзе будуць прадугледжаныя істотныя карэкціроўкі нормаў па супрацьдзеянні гвалту ў сям’і. Мяркуецца, што паняцце «гвалт у сям’і» будзе пашыранае, дакладна вызначацца паўнамоцтвы суб’ектаў прафілактыкі і каардынуючы орган.
Іван Фядчук, намеснік начальніка кафедры адміністрацыйнай дзейнасці АУС Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, выступіў з дакладам па пытаннях кваліфікацыі адміністрацыйных правапарушэнняў, звязаных з гвалтам у сям’і.
Яўген Хаткевіч, суддзя Мінскага гарадскога суда азнаёміў удзельнікаў круглага стала з практыкай разгляду спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, прадугледжаных ч. 2 арт. 9.1. КоАП у раённых судах Мінска.
Аляксей Падвойскі, начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, распавёў аб праблемах прафілактыкі гвалту ў сем’ях з непаўналетнімі дзецьмі.
Марына Арцёменка, намеснік начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, паведаміла пра асаблівасці аказання дапамогі ў сістэме сацыяльнага абслугоўвання пацярпелым ад гвалту. Сярод асноўных напрамкаў работы яна назвала далейшы маніторынг на адпаведнасць крызісных пакояў патрабаванням да зместу і якасці сацыяльных паслуг, удасканаленне заканадаўства ў частцы фармалізацыі пратаколаў міжведамаснага ўзаемадзеяння па аказанні дапамогі пацярпелым ад гвалту ў сям’і, узмацненне міжведамаснага ўзаемадзеяння ў частцы аператыўнага напрамку інфармаваных згод, у тым ліку ад органаў аховы здароўя і адукацыі, інфармацыйна-тлумачальную працу.
Кацярына Мальцава, дырэктар Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей, распавяла аб працы цэнтра, арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння і аб сацыяльна-прафілактычных праектах. У прыватнасці, аб карэкцыйнай праграме для мужчын-агрэсараў. Гэта праграма па карэкцыі мужчынскіх гвалтоўных паводзінаў, навучанню агрэсараў навыкам паважлівых зносін, развіццю і ўзбагачэнню навыкаў адэкватных, канструктыўных паводзін, рэгуляцыі сацыяльных адносін, фарміраванню адэкватнай самаацэнкі, трэніроўкі практычных навыкаў зняцця празмернага напружання і трывожнасці.
Ірына Альхоўка, старшыня праўлення грамадскага аб’яднання МГА «Гендарныя перспектывы», каардынатар партнёрскай групы ўстойлівага развіцця па сацыяльных пытаннях праінфармавала аб выніках працы гарачай лініі для пацярпелых ад гвалту. Яна адзначыла, што па дадзеных працы гарачай лініі 94% тых, хто звярнуўся, – жанчыны. Пры гэтым часцей за ўсё (51%) агрэсарам з’яўляецца муж, у 13% выпадкаў – сын. Кожная шостая абанентка пакутуе ад гвалту з боку былога мужа. Сярод агульных тэндэнцый у сферы гвалту ў сям’і адзначаецца нізкі ўзровень псіхалагічнай культуры ў грамадстве (страх перад зваротам да прафесійных псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў), нізкі ўзровень прававой культуры (няведанне законаў і сваіх правоў), рост выпадкаў пераследу (сталкінгу).
Падводзячы вынікі працы круглага стала, Валерый Калінковіч яшчэ раз падкрэсліў, што актуальнасць праблемы гвалту ў сям’і, яе разнапланавасць і шматбаковасць патрабуе зладжанага міжведамаснага ўзаемадзеяння, глыбокага вывучэння прычын гэтай небяспечнай сацыяльнай з’явы, удасканалення заканадаўства.
Па матэрыялах прэс-службы Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь