1

У Беларусі распрацоўваецца Нацыянальны індэкс шматмернай беднасці

Беднасць застаецца адным з галоўных выклікаў сучаснасці, якія патрабуюць скаардынаваных дзеянняў усіх бакоў. Ліквідацыя крайняй галечы з’яўляецца першай з 17 Мэт устойлівага развіцця і адным з глабальных прыярытэтаў працы Праграмы развіцця ААН.

Для комплекснай ацэнкі ўзроўню беднасці і прымянення больш эфектыўных мер па яе скарачэнні ПРААН сумесна з Оксфардскай ініцыятывай па чалавечым развіцці распрацавалі Глабальны індэкс шматмернай беднасці (ІМБ). Гэты інструмент дапаўняе міжнародную рысу беднасці і ўлічвае тры вымярэнні беднасці: здароўе, адукацыю, узровень жыцця.

Глабальны індэкс шматмернай беднасці арыентаваны ў першую чаргу на найбяднейшыя краіны і не заўсёды ўлічвае спецыфіку рэгіёнаў Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Таму ў гэтых рэгіёнах распрацоўваюць нацыянальныя індэксы шматмернай беднасці, якія ўлічваюць мясцовыя ўмовы.

Так, у 2023 годзе пры падтрымцы ПРААН аналагічная праца пачалася і ў Беларусі. Вывучаны міжнародны вопыт, выбраны ключавыя параметры і сумесна з Нацыянальным статыстычным камітэтам Рэспублікі Беларусь (Белстат) падрыхтаваны прапановы для распрацоўкі Нацыянальнага індэкса шматмернай беднасці. Таксама былі выбраны 11 індыкатараў вымярэння шматмернай беднасці, сярод якіх наяўнасць прафесійна-тэхнічнай адукацыі, неспрыяльных экалагічных фактараў па месцы жыхарства, занятасці, зберажэнняў, даўгоў, а таксама доступу да Інтэрнэта.

У 2024 годзе на падставе прапаноў ПРААН Белстатам былі распрацаваны метадалагічныя падыходы да разліку Нацыянальнага індэкса шматмернай беднасці і праведзены эксперыментальныя разлікі. Яны паказалі нізкі ўзровень шматмернай беднасці ў Беларусі – у 2023 годзе ва ўмовах шматмернай беднасці пражывала 2,4% насельніцтва краіны.

Наступным этапам стане распрацоўка і прымяненне афіцыйнай метадалогіі для рэгулярнага разліку Нацыянальнага індэкса шматмернай беднасці, што будзе садзейнічаць правядзенню больш эфектыўнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі па скарачэнні беднасці і павышэнні ўзроўню дабрабыту насельніцтва.

.

Крыніца інфармацыі