У Беларусі стартавала кампанія па абароне ад анлайн-махлярства - Мэты ўстойлівага развіцця у Беларусі

У Беларусі стартавала кампанія па абароне ад анлайн-махлярства

29 лістапада 2024

Унітарнае прадпрыемства па аказанні паслуг «А1» запусціла агульнанацыянальную інфармацыйную кампанію #Падумайце5секунд, накіраваную на абарону грамадзян Беларусі ад махлярства па тэлефоне і ў сетцы Інтэрнэт.

Галоўная мэта кампаніі – праінфармаваць як мага больш людзей аб спосабах абароны сваіх асабістых дадзеных і нагадаць аб тым, як важна не спяшацца выконваць просьбы незнаёмцаў. Самы просты спосаб засцерагчы сябе – проста ўзяць паўзу і падумаць 5 секунд перад тым, як перайсці па незнаёмай спасылцы, перадаць камусьці коды з SMS або адказаць на падазроны званок з месэнджара.

Аднымі з найбольш уразлівых катэгорый насельніцтва, якія найчасцей становяцца ахвярамі махляроў, з’яўляюцца людзі старэйшага ўзросту і людзі з інваліднасцю. Каб забяспечыць для іх доступ да важнай інфармацыі, кампаніяй A1 у супрацоўніцтве з Фондам ААН у галіне народанасельніцтва і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь распрацавана памятка «Падумайце 5 секунд. Абараніце сябе ад ашуканцаў».

Акрамя таго, для сацыяльных работнікаў, якія ўзаемадзейнічаюць з людзьмі старэйшага ўзросту і людзьмі з інваліднасцю, арганізавана навучанне па павышэнні ўзроўню ведаў у сферы кібербяспекі. Дзякуючы анлайн-фармату больш як 500 сацыяльных работнікаў з больш як 160 арганізацый сістэмы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Беларусі асвоілі базавыя веды па асновах бяспекі ў інтэрнеце і атрымалі практычныя рэкамендацыі па рабоце ў гэтым напрамку.

Фарміраванне навыкаў бяспечных паводзін у сучасным інфармацыйным асяроддзі ўнясе ўклад у дасягненне Рэспублікай Беларусь Мэты ўстойлівага развіцця 1 і іншых МУР.

КАРТА САЙТА