У Беларусі зацверджана Нацыянальная стратэгія кіравання воднымі рэсурсамі да 2030 года - Мэты ўстойлівага развіцця у Беларусі

У Беларусі зацверджана Нацыянальная стратэгія кіравання воднымі рэсурсамі да 2030 года

28 лютага 2022

Пастановай Савета Міністраў ад 22 лютага 2022 г. № 91 зацверджана Нацыянальная стратэгія кіравання воднымі рэсурсамі ва ўмовах змянення клімату на перыяд да 2030 года. Стратэгія накіравана на павышэнне эфектыўнасці выкарыстання водных рэсурсаў для забеспячэння ўстойлівага эканамічнага росту краіны ва ўмовах зменлівага клімату і стварэнне ўмоў для захавання водных экасістэм.

Нацыянальная стратэгія кіравання воднымі рэсурсамі ва ўмовах змянення клімату на перыяд да 2030 года змяшчае інфармацыю аб ацэнцы сучаснага патэнцыялу водных рэсурсаў краіны, дынаміцы водакарыстання, уплыве змянення клімату на водныя рэсурсы і іх адаптацыю, мэты, задачы і чаканыя вынікі рэалізацыі стратэгіі, механізмы яе рэалізацыі. Таксама дакументам вызначаны план мерапрыемстваў Нацыянальнай стратэгіі. Усяго запланавана правядзенне 41 мерапрыемства, сярод якіх распрацоўка Канцэпцыі па ўдасканаленні заканадаўства аб ахове і выкарыстанні вод ва ўмовах зменлівага клімату, удасканаленне парадку распрацоўкі тэхналагічных нарматываў водакарыстання, стварэнне дзяржаўнага воднага фонду і іншыя мерапрыемствы.

Чакаецца, што рэалізацыя стратэгіі дазволіць забяспечыць:

  • насельніцтва цэнтралізаванымі сістэмамі водазабеспячэння і водаадвядзення (каналізацыі) – не менш за 93,2% і 79,3% адпаведна да 2025 года, 95% і 85% адпаведна да 2030 года;
  • долю паверхневых водных аб’ектаў, якім прысвоены добры і вышэй экалагічны статус, – не менш як 75 працэнтаў да 2025 года, 85 працэнтаў да 2030 года;
  • індэкс скіду недастаткова вычышчаных сцёкавых вод у водныя аб’екты (да ўзроўню 2015 года) – не больш за 30% да 2025 года, 0% да 2030 года;
  • ступень укаранення комплекснага кіравання воднымі рэсурсамі – не менш за 80% да 2025 года, 100% да 2030 года;
  • долю плошчы трансгранічных рачных басейнаў, адносна якой дзейнічаюць міжнародныя дамоўленасці аб супрацоўніцтве ў галіне аховы і выкарыстання трансгранічных вод, – не менш як 78 працэнтаў да 2025 года, 100 працэнтаў да 2030 года.

Зацвярджэнне Нацыянальнай стратэгіі садзейнічае захаванню і ўстойліваму выкарыстанню водных рэсурсаў, забеспячэнню доўгатэрміновай воднай бяспекі краіны, што ўнясе істотны ўклад у дасягненне Рэспублікай Беларусь Мэт устойлівага развіцця 6, 13, 14, 15 і іншых МУР.

З больш падрабязнай інфармацыяй аб Нацыянальнай стратэгіі кіравання воднымі рэсурсамі да 2030 года можна азнаёміцца па спасылцы: https://pravo.by/novosti/novostipravoby/2022/february/68868/.

КАРТА САЙТА