У Беларусі зацверджана Нацыянальная стратэгія развіцця эканомікі замкнутага цыкла да 2035 года

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 мая 2024 г. № 393 зацверджана Нацыянальная стратэгія развіцця эканомікі замкнутага цыкла (цыркулярнай эканомікі) Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2035 года.
Нацыянальная стратэгія распрацавана з улікам сусветных тэндэнцый і назапашанага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь. Чакаецца, што паэтапны пераход да цыркулярнай эканомікі дазволіць трансфармаваць базавы прынцып лінейнай мадэлі «здабывай, вырабляй, выкідвай» у прынцып «здабывай, вырабляй, паўторна выкарыстоўвай».
Ключавымі механізмамі рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі з’яўляюцца праграмныя дакументы доўгатэрміновага і сярэднетэрміновага планавання, у тым ліку праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі і рэгіёнаў, дзяржаўныя і галіновыя праграмы, якія даюць магчымасць дасягнуць запланаваных паказчыкаў і чаканых вынікаў у прыярытэтных напрамках: экадызайн, рэсурсаэфектыўная вытворчасць, прамысловы сімбіёз, сфера ўпакоўкі, шарынгавая эканоміка. Сярод прыярытэтных галін Нацыянальнай стратэгіі вызначаны: прамысловасць, будаўніцтва, жыллёва-камунальная гаспадарка, транспарт, сельская і лясная гаспадарка, сфера паслуг.
Выступаючы актыўным драйверам эканамічнага росту пры ўмове захавання навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, а таксама ўліку сацыяльных патрэб грамадства, цыркулярная эканоміка займае цэнтральнае месца ў Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года, а таксама аказвае прамы ўплыў на дасягненне Мэт устойлівага развіцця 12, 13, 15 і іншых МУР.