1

У Гомелі прайшло пашыранае пасяджэнне рэгіянальнай групы ўстойлівага развіцця

3 снежня 2019 года ў бізнэс-цэнтры СЭЗ «Гомель-Ратон» адбылося пашыранае пасяджэнне рэгіянальнай групы ўстойлівага развіцця ў фармаце семінара «Лакалізацыя Мэт устойлівага развіцця ў Гомельскай вобласці». Мерапрыемства арганізаваў Гомельскі аблвыканкам.

У семінары прынялі ўдзел прадстаўнікі Гомельскай і іншых рэгіянальных груп устойлівага развіцця, устаноў адукацыі і навукі, грамадскіх аб’яднанняў, міжнародных арганізацый. Партнёрамі мерапрыемства выступілі ПРААН, ЮНІСЕФ, ЮНФПА, Праграма падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі.

На семінары быў прадстаўлены міжнародны, нацыянальны і мясцовы вопыт, перадавыя практыкі і атрыманыя ўрокі на шляху да выканання Парадку – 2030. Абмеркаванне дазволіла ўдзельнікам лепш зразумець выклікі, якія стаяць перад рэгіёнам і краінай у цэлым і разгледзець стратэгічныя, інстытуцыйныя і практычныя меры па дасягненні Мэт устойлівага развіцця ў кантэксце Гомельскай вобласці.

У рамках працы семінара ўдзельнікі былі праінфармаваныя пра вынікі працы экспертна-кансультацыйнай місіі МАРЅ, якая працавала ў канцы 2017 года ў Беларусі. Экспертамі дадзенай місіі распрацаваная дарожная карта па дасягненні Мэтаў ўстойлівага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь, у якой Беларусі прапанаваныя платформы паскарэння дасягнення Мэтаў ўстойлівага развіцця:

  • «Зялёны» пераход да інклюзіўнага і ўстойлівага росту;
  • Арыентацыя на будучыя пакаленні: падлеткі і моладзь;
  • Лічбавыя трансфармацыі і сацыяльныя інавацыі ў грамадстве;
  • Гендарная роўнасць у грамадстве.

Удзельнікі семінара азнаёміліся з прыярытэтамі ўстойлівага развіцця краіны, якія закладзены ў праекце нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця на перыяд да 2035 года, што распрацавала Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, а таксама з падыходамі да рэгіянальнага развіцця і маніторынгу дасягнення Мэт устойлівага развіцця на нацыянальным і рэгіянальным узроўнях. 

Вопытам распрацоўкі рэгіянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці падзяліліся прадстаўнікі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта. Акрамя таго, быў прадстаўлены паспяховы вопыт міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння на прыкладзе Магілёўскай вобласці.

З разуменнем узаемазвязанасці трох аспектаў устойлівага развіцця – эканамічнага, сацыяльнага і экалагічнага – на семінары быў разгледжаны шэраг асобных скразных пытанняў. 

Эканамічную секцыю адкрыў сваім выступленнем першы намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Андрэй Сабко: ён распавёў пра прыярытэты і кірункі эканамічнага развіцця Гомельшчыны. Кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Гомель-Ратон» Антаніна Яжова і дырэктар ААТ «Гомельскі тэхнапарк» Дзмітрый Марозаў выступілі з паведамленнямі аб інавацыйным бізнэсе ў рэгіёне.

У сацыяльнай секцыі казалі пра сацыяльныя аспекты ўстойлівага развіцця Гомельскай вобласці; пра тое, як у інтарэсах ўстойлівага развіцця могуць супрацоўнічаць дзяржаўныя структуры і грамадскія аб’яднанні; а таксама пра тое, як прымяняецца механізм грамадскага ўдзелу на практыцы. У экалагічнай секцыі паднялі пытанні выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў, аховы лясоў, стану водных рэсурсаў рэгіёну, а моладзевы пасол Мэтаў ўстойлівага развіцця Ілля Бараўцоў прадставіў праект выкарыстання дажджавой вады ў бытавых мэтах.

Семінар праводзіўся пры падтрымцы праекта ПРААН/ЮНІСЕФ/ЮНФПА «Падтрымка функцыянавання архітэктуры кіравання працэсам дасягнення Мэт устойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь» і Праграмы падтрымкі Беларусі Федэратыўнага ўрада Германіі.