У Горках адкрыўся бізнэс-інкубатар

Новы бізнэс-інкубатар адкрыўся ў Горках. Мэта бізнэс-інкубатара – стымуляванне прадпрымальніцкай ініцыятывы. Развіццё малога і сярэдняга бізнэсу ў рэгіёнах стварае новыя працоўныя месцы, забяспечвае людзям доступ да рэсурсаў і магчымасцяў, дае годную працу для моладзі, якая можа зрабіць інвестыцыі ў сваю адукацыю і прафесійную падрыхтоўку, – гэта важны ўклад у дасягненне Мэтаў устойлівага развіцця, у тым ліку МУР 8 (годная праца і эканамічны рост).
Бізнэс-інкубатар уваходзіць у структуру «Тэхнапарку Горкі». Тут ёсць каворкінг-зона, кабінет, перагаворная, серверная. Мяркуецца, што ў бізнэс-інкубатары будуць праходзіць мерапрыемствы і стартап-школы для моладзі, бо палова жыхароў горада – студэнты мясцовай акадэміі. Таму развіццё моладзевага прадпрымальніцтва – важная задача для бізнэс-інкубатара.
«Мы на прыкладзе гэтага цэнтру падтрымкі бачым добры гібрыд таго перспектыўнага суб’екта інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга бізнэсу, які будзе ў бліжэйшы час развівацца ў Беларусі. Вельмі добра, што бізнэс-інкубатар базіруецца ў нашай найстарэйшай сельгасакадэміі, таму што мэтавая аўдыторыя можа атрымліваць якія-небудзь бізнэс-навыкі, веды», – паведаміў намеснік Міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Матусевіч.
Бізнес-інкубатар у Горках адкрыўся пры падтрымцы праекта «Садзейнічанне занятасці і самазанятасці насельніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі», які рэалізуецца ПРААН у Рэспубліцы Беларусь сумесна з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь і фінансуецца Расійскай Федэрацыяй. Іншыя пілотныя гарады праекта, дзе адкрылі цэнтры падтрымкі прадпрымальнікаў: Барань, Глыбокае, Крычаў, Мсціслаў, Чавусы.