У Гродне прайшоў Міжнародны форум жанчын-лідараў - Мэты ўстойлівага развіцця у Беларусі

У Гродне прайшоў Міжнародны форум жанчын-лідараў

28 лістапада 2019

27 лістапада 2019 года ў Гродне адбыўся трэці Міжнародны форум жанчын-лідараў. Мэта мерапрыемства – садзейнічанне жаночаму лідэрству, гендарнай роўнасці і ўдзелу жанчын у грамадска-палітычным жыцці на мясцовым узроўні. Шляхам дасягнення мэты арганізатары форуму бачаць ўмацаванне патэнцыялу і наладжванне кантактаў паміж жанчынамі, што ў канчатковым выніку спрыяе дасягненню мэтаў устойлівага развіцця.

Міжнародны форум жанчын-лідараў арганізавалі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Партнёрамі Форуму выступілі наступныя інстытуцыі: Гродзенскі аблвыканкам, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз жанчын», Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Рэспубліцы Беларусь, Савет Еўропы.

Дадзены Форум ладзіцца ў Беларусі трэці раз. Першы адбыўся ў чэрвені 2016 года, другі – у кастрычніку 2018-га. Сёлета Форум сабраў каля 90 удзельнікаў – прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і міжнародных арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў і бізнэс-структур. 

Абмеркаванне парадку Міжнароднага форуму жанчын-лідараў вялося ў межах трох паралельных тэматычных сесій:

1. Заахвочванне палітычнага ўдзелу жанчын на мясцовым узроўні.

На гэтай сесіі была паднятая праблема перашкод, з якімі сутыкаюцца жанчыны ў палітыцы, быў прадстаўлены вопыт рэспублікі і замежжа, а таксама разгледжаны прыклады перадавой практыкі, якая падтрымлівае палітычны ўдзел жанчын на лакальным узроўні.

2. Баланс паміж працай і асабістым жыццём: міф ці рэальнасць?

Дадзеная сесія была прысвечана нацыянальнаму і міжнароднаму вопыту заахвочвання гендэрна- і сямейна-арыентаваных працоўных месцаў і мацярынства як карпаратыўнай каштоўнасці для працадаўцаў. Спікеры казалі пра развіццё сямейна-арыентаванай інфраструктуры і сацыяльнага асяроддзя ў якасці рухаючай сілы для ўзмацнення гендарнай роўнасці і пашырэння патэнцыялу жанчын у грамадскім і сямейным жыцці.

3. Роля універсітэтаў ва ўмацаванні лідарства жанчын на мясцовым узроўні.

На сесіі былі разгледжаны розныя магчымасці, якія універсітэты могуць даць і даюць для падрыхтоўкі жанчын-лідараў.

Мерапрыемства адкрывала Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. У сваім выступе кіраўнік ведамства распавяла пра бягучую выніковасць гендарнай палітыкі Рэспублікі Беларусь, а таксама пра тыя задачы, што стаяць сёння перад чыноўнікамі, якія працуюць над пытаннямі забеспячэння гендарнай роўнасці ў краіне.

Міністр падкрэсліла, што ў плане гендарнай роўнасці Беларусь займае высокія пазіцыі ва многіх аўтарытэтных рэйтынгах. Так, у глабальнай справаздачы ПРААН «Даклад аб чалавечым развіцці 2018» рэспубліка займае 31-е месца па індэксе развіцця з улікам гендарнага фактару і 28-е месца па індэксе гендарнай няроўнасці. Таксама Беларусь займае лідзіруючую сярод краін СНД пазіцыю па індэксе магчымасцяў для дзяўчынак: 24-е месца сярод 144 краін свету.

«Мы шмат зрабілі для павышэння ўзроўню ўдзелу жанчын на рынку працы, скарачэння працоўнай сегрэгацыі і розніцы ў аплаце працы мужчын і жанчын, а таксама для садзейнічання балансу паміж працоўнымі і сямейнымі абавязкамі, падтрымкі прадпрымальніцкай дзейнасці сярод жанчын і пашырэння ўдзелу жанчын у прыняцці рашэнняў у галіне эканомікі на вышэйшым узроўні. Тым не менш, захоўваюцца важныя гендарныя разрывы, што перашкаджае прагрэсу ў галіне забеспячэння гендарнай роўнасці», – падкрэсліла Ірына Касцевіч.

Важна адзначыць, што Міжнародны форум жанчын-лідараў упершыню праводзіцца на рэгіянальным узроўні. З аглядкай на актуальную сітуацыю надзвычай важна, каб жанчыны мелі больш шырокія магчымасці і актыўна ўдзельнічалі ў сістэме мясцовага кіравання і самакіравання як асобы, якія адказваюць за прыняцце рашэнняў, іх выкананне і вынік.

«Мясцовыя органы кіравання і самакіравання найбольш блізкія да грамадзян і, такім чынам, ўяўляюць сабой найлепшы спосаб далучаць жанчын у працэс прыняцця рашэнняў адносна іх умоў жыцця і выкарыстоўваць іх веды і магчымасці для садзейнічання ўстойліваму развіццю», – адзначыла міністр.

Прадстаўніцтва жанчын на ўзроўні прыняцця рашэнняў у Беларусі даволі высокае. Паводле папярэдніх вынікаў выбараў у Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся напярэдадні, доля жанчын у гэтай сферы вырасла да 40 % ад агульнай колькасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі. Варта адзначыць, што ў сярэднім па свеце жанчыны ў нацыянальных парламентах прадстаўлены толькі на 24,5 %. У мясцовых саветах дэпутатаў жанчын амаль палова – 48,2%. Для параўнання: у 2017 годзе доля жанчын сярод кіраўнікоў сельскіх, пасялковых і гарадскіх (гарадоў раённага падпарадкавання) выканкамаў і іх намеснікаў складала 68,8 %.

Жанчыны шырока прадстаўленыя ў дзяржаўным кіраванні. Так, дзяржслужачыя ўсіх узроўняў кіравання складаюць 67,4 %, у тым ліку на пасадах кіраўнікоў і намеснікаў – 56,2 %. Акрамя таго, жанчынамі з’яўляюцца 68 % дзяржаўных служачых, якія задзейнічаныя ў судовай сістэме.

Характэрна, што жанчыны пераўзыходзяць мужчын па дасягненнях у сферы адукацыі. На сённяшні дзень больш за 57,7 % грамадзян з вышэйшай і паслядыпломнай адукацыяй – жанчыны. Прафесарска-выкладчыцкі састаў на 55 % складаецца з жанчын. Пры гэтым на кіруючых пасадах яны па-ранейшаму прыкметныя не занадта: на ўзроўні рэктараў ВНУ – 5 супраць 47, на ўзроўні прарэктараў – 47 супраць 163.

Ірына Касцевіч адзначыла: нягледзячы на тое, што занятак кіруючай пасады залежыць не ад полу, а ад асабістых кампетэнцый, прафесіяналізму і амбіцый, у рэальных умовах канкураваць з мужчынамі на роўных жанчынам усё яшчэ цяжка. У ліку прычын міністр згадала двайную занятасць жанчын на працы і ў сям’і, сталыя стэрэатыпы мыслення, прафесійную сегрэгацыю.

Дадзеныя выклікі для Беларусі не ўнікальныя. На кастрычніцкай Рэгіянальнай агляднай нарадзе «Пекін +25» у Жэневе адзначалася, што ў такіх галінах, як тэхналогіі, эканоміка, кіраванне і будаўніцтва, як і раней, у значнай ступені дамінуюць мужчыны. Нават у краінах, якія дасягнулі высокай ступені гендарнай роўнасці, застаецца цяжкавырашальнай праблема нераўнамернага размеркавання неаплатнай працы і абавязкаў па доглядзе, усё гэта падмацоўваецца кансерватыўнымі сацыяльнымі чаканнямі. Такая сітуацыя цягне за сабой значныя наступствы для здольнасці жанчын актыўна ўдзельнічаць у працэсах на рынку працы, пераходзіць у тыя сектары занятасці, дзе пераважаюць мужчыны, дасягаць кар’ерных мэтаў і назапашваць больш высокае пенсійнае забеспячэнне.

У сярэднім беларускія жанчыны затрачваюць у два разы больш часу, чым мужчыны, на працу па хаце і клопат пра дзяцей ці людзей пажылога ўзросту. «Што важней – быць добрай мамай і жонкай або паспяховым кіраўніком? Такім пытаннем у сучасным свеце могуць задацца многія жанчыны. Таму важна ствараць такія ўмовы для рэалізацыі жанчын, такі ўзровень культуры і паводзінаў у грамадстве, якія не прымушалі б рабіць гэты выбар на карысць аднаго і на шкоду іншаму», – падагульніла Ірына Касцевіч.

КАРТА САЙТА