9 ліпеня 2025
Ужо больш за 10 гадоў турызм з’яўляецца ў ліку асноўных напрамкаў дзейнасці асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ) Беларусі. На тэрыторыі чатырох пілотных ААПТ рэалізуецца Стратэгія развіцця экалагічнага турызму. Гэтымі заказнікамі з’яўляюцца «Азёры», «Налібоцкі», «Асвейскі» і «Чырвоны Бор».
У рамках Стратэгіі распрацоўваюцца і рэалізуюцца розныя мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё інфраструктуры для экалагічнага турызму, устойлівых форм гаспадарчай дзейнасці, праводзяцца асветніцкія мерапрыемствы па павышэнні экалагічнай пісьменнасці турыстаў і мясцовых жыхароў, ажыццяўляецца маніторынг за станам навакольнага асяроддзя і ўзроўню ўздзеяння турыстаў на прыродныя комплексы. Акрамя таго, фарміруюцца экатурыстычныя кластары, умацоўваецца ўзаемадзеянне з іншымі прыродаахоўнымі ўстановамі, прыватнымі кампаніямі і мясцовымі жыхарамі.
Так, у Валожынскім раёне распрацаваны першы ў Беларусі мадэльны турысцка-экскурсійны зялёны маршрут «Валожынскія гасцінцы» працягласцю 150 км, значная частка якога праходзіць па тэрыторыі ААПТ «Налібоцкі», ахопліваючы 10 аграэкасядзіб. Турысты акунаюцца ў мясцовую культуру і побыт, сустракаюцца з народнымі ўмельцамі, дэгустуюць нацыянальныя стравы і напоі. Маршрут таксама ўключае інклюзіўную экалагічную сцежку «Белакорэц» (працягласцю 960 м), па якой могуць прагуляцца і адпачыць людзі з інваліднасцю, людзі старэйшага ўзросту.
У 2025 годзе запланавана стварэнне арніталагічнай сцежкі на турыстычным аб’екце «Партызанскі рух Налібоцкай пушчы», сімвалічных варот у пушчу, а таксама правядзенне тэматычных экатурыстычных мерапрыемстваў «Ноч аленяў», «Ноч ваўкоў» і «Сцежкай тарпана».
Наведаць ААПТ «Налібоцкі» можна і анлайн. На афіцыйным сайце заказніка распрацаваны віртуальны тур з інтэрфейсам на трох мовах беларускай, рускай і англійскай.
Рэалізацыя Стратэгіі развіцця экалагічнага турызму садзейнічае не толькі захаванню ўнікальных прыродных тэрыторый Беларусі, але і развіццю ўстойлівага турызму, што ўносіць уклад у дасягненне Рэспублікай Беларусь Мэт устойлівага развіцця 13, 15 і іншых МУР.
КАРТА САЙТА