У Мінску абмеркавалі новаўвядзенні заканадаўства па сацыяльнай падтрымцы людзей з інваліднасцю

6 жніўня 2024 г. у Мінску адбылася прэс-канферэнцыя «Важныя аспекты ў сацыяльнай палітыцы дзяржавы: новаўвядзенні ў заканадаўстве па сацыяльнай падтрымцы інвалідаў».
У рамках прэс-мерапрыемства прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь абмеркавалі новаўвядзенні ў заканадаўстве па сацыяльнай падтрымцы людзей з інваліднасцю, эфектыўнасць існуючых законаў, меры, якія прымаюцца для ўкаранення інклюзіўнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь, асаблівасці рэгулявання працы людзей з інваліднасцю, уцягванне людзей з інваліднасцю ў жыццё грамадства, рэалізуемыя мерапрыемствы для падтрымкі сем’яў і іншыя пытанні.
На сённяшні дзень у Беларусі пражываюць 6% людзей з інваліднасцю ад агульнай колькасці насельніцтва. Гарантыі фарміравання інклюзіўнага асяроддзя, забеспячэння роўных правоў людзей з інваліднасцю на ўдзел у жыцці грамадства, ахову здароўя, адукацыю, свабодны выбар працоўнай дзейнасці, а таксама забеспячэнне роўнасці і недыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці замацаваны ў Законе «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». У гэты Закон інтэграваны нормы законаў «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» і «Аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў», а таксама палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Канвенцыі аб правах інвалідаў.
Акрамя таго, з ліпеня 2024 года ў Беларусі рэалізуюцца палажэнні Закона Рэспублікі Беларусь ад 13 снежня 2023 г. № 318-З «Аб змяненні законаў па пытаннях сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльных выплат», якія замацоўваюць новыя прынцыпы сацыяльнага абслугоўвання пажылых грамадзян і людзей з інваліднасцю, накіраваныя на стварэнне ўмоў для максімальна працяглага пражывання атрымальнікаў сацыяльных паслуг па месцы жыхарства праз арганізацыю іх сацыяльнага абслугоўвання з улікам ступені страты здароўя, абсталявання жылой прасторы і наяўнасці сацыяльнага асяроддзя.
Запіс прэс-канферэнцыі «Важныя аспекты ў сацыяльнай палітыцы дзяржавы: новаўвядзенні ў заканадаўстве па сацыяльнай падтрымцы інвалідаў» даступны па спасылцы.
Забеспячэнне роўных правоў і магчымасцей для ўсіх грамадзян уносіць важны ўклад у рэалізацыю Парадаку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года.