У Мінску прайшоў міжнародны форум годнага даўгалецця - Мэты ўстойлівага развіцця у Беларусі

У Мінску прайшоў міжнародны форум годнага даўгалецця

4 кастрычніка 2019

Міжнародны Форум «Годнае даўгалецце: роўныя магчымасці для ўсіх пакаленняў» прайшоў 1 і 2 кастрычніка 2019 г. у Мінску. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацый, устаноў адукацыі, навуковых арганізацый, бізнесу, эксперты і актыўныя пажылыя грамадзяне – з Беларусі, Германіі, Аўстрыі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана, Украіны, Ізраіля, Эстоніі. Форум быў прымеркаваны да Міжнароднага дня пажылых людзей.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў Форуму звярнуўся намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак. Паводле яго слоў, у Беларусі ёсць заканадаўчая база, якая вызначае дзяржаўную палітыку ў дачыненні да пажылых людзей, а пытанні старэння насельніцтва неабходна ўлічваць пры прыняцці рашэнняў ва ўсіх сферах жыццядзейнасці і на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіравання. Пры гэтым неабходна фармаваць новае разуменне ладу і ролі пажылых грамадзян, ствараць грамадства для ўсіх узростаў. Сёння кожны пяты жыхар Рэспублікі Беларусь – гэта пажылы чалавек, да 2030 года пажылым будзе кожны чацвёрты беларус (27%).

Іаана Казана-Вішнявецкі, Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі, на адкрыцці Форуму падкрэсліла: «Сёння мы жывем у сярэднім на 34 гады даўжэй, чым нашы прадзеды. Удумайцеся: да нашага жыцця дадалася яшчэ адно цэлае дарослае жыццё! Людзі могуць атрымліваць асалоду ад даўгалецця, толькі калі ў іх добрае здароўе, таму сёння, я спадзяюся, на нашым мерапрыемстве мы абмяркуем пытанні інвеставання ў здароўе, у фарміраванне каштоўнасці здаровага ладу жыцця ў маладых і дарослых людзей».

На Форуме абмеркавалі ключавыя тэмы, якія датычацца жыцця пажылых людзей: забеспячэнне іх правоў, канцэпцыю дарожнай карты па забеспячэнні ўсебаковага ўліку праблем старэння ў Беларусі, дэмаграфічнае старэнне, міжнародны вопыт у забеспячэнні правоў людзей сталага ўзросту, інавацыйныя практыкі ў сферы годнага даўгалецця, вынікі даследаванняў аб патрэбах пажылых людзей і магчымасці іх задавальнення, вобраз пажылога чалавека і стаўленне да яго ў грамадстве.

На Форуме быў прадстаўлены праект Нацыянальнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь «Годнае даўгалецце – 2030». Гэты дакумент распрацаваны па ініцыятыве Міністэрства працы і сацыяльнай абароны сумесна з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікамі акадэмічнай і грамадзянскай супольнасцяў і вызначае прыярытэтныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі з улікам дэмаграфічных тэндэнцый і рызык, звязаных з старэннем насельніцтва, і накіраваны на ўсё насельніцтва краіны.

КАРТА САЙТА