25 студзеня 2019
24 студзеня ў Мінску больш за 450 прадстаўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых органаў улады, грамадскіх арганізацый, навуковых і дзелавых колаў, дыпламатычнага корпуса, міжнародных арганізацый, уключаючы агенцтвы сістэмы ААН сабраліся на Першым Нацыянальным форуме па ўстойлівым развіцці.
У рамках Форума ўдзельнікі абмеркавалі працу, праведзеную ў краіне па дасягненні Мэтаў устойлівага развіцця, а таксама намецілі стратэгічныя і практычныя арыенціры для выканання Парадку-2030. Цэнтральным пытаннем Форума стала канцэпцыя стратэгіі ўстойлівага развіцця на перыяд да 2035 года, падрыхтаваная Міністэрствам эканомікі. Гэты дакумент быў раздадзены ўсім удзельнікам Форума для вывучэння і накіравання сваіх прапаноў распрацоўшчыкам.
Адкрыўся Форум пасланнем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якое зачытаў Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў. У пасланні Кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Праграма пераўтварэнняў у эканамічнай, сацыяльнай і прыродаахоўнай сферах, якая разглядалася на саміце ААН у 2015 годзе, актуальная для ўсяго свету і высока ацэненая міжнароднай супольнасьцю. Задачы развіцця, пазначаныя ў Парадку-2030, былі пастаўлены ў Беларусі на дзяржаўным узроўні задоўга да яе прыняцця».
Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч расказаў аб планах Парламента ў бліжэйшым годзе разгледзець законы аб ахове здароўя, правах інвалідаў і ахове тарфянікаў, а таксама выказаў надзею, што на Форуме не проста прагучаць ужо вядомыя тэзісы, але і з’явяцца прапановы па развіцці, якія дазволяць Беларусі выканаць амбіцыйную задачу да 2025 года трапіць у групу краін з даходам на душу насельніцтва па парытэту пакупніцкай здольнасці вышэй за сярэднесусветны.
Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас у сваім звароце да ўдзельнікаў Форума паведаміў пра тое, што ў гэтым годзе Урад мае намер сфармаваць Нацыянальную стратэгію ўстойлівага развіцця — дакумент, які стане сувязным звяном паміж глабальнымі Мэтамі і іх увасабленнем на нацыянальным узроўні. Прэм’ер-міністр таксама нагадаў прысутным аб тым, што ўжо з 1 лютага 2019 года падрыхтоўка ўсіх законапраектаў будзе весціся з улікам адпаведнасці кожнага з іх Мэтам ўстойлівага развіцця.
З прывітальным словам звярнулася да ўдзельнікаў спадарыня Аміна Махамед, першы намеснік Генеральнага сакратара ААН. «МУР патрабуюць новай інклюзіўнай эканомікі з сістэмай каштоўнасцяў, заснаванай на экалагічным і ўстойлівым развіцці і накiраванай на выкараненне няроўнасці і дапамогу тым, хто адстае», — падкрэсліла спадарыня Махамед у сваім відэазвароце, высока ацаніўшы гатоўнасць Беларусі дзяліцца сваім вопытам работы над МУР на міжнародным узроўні.
Памочнік Генеральнага сакратара ААН, памочнік Адміністратара ПРААН, дырэктар рэгіянальнага бюро ПРААН па Еўропе і краінах СНД Мір’яна Спалярыч Эгер у сваім звароце да ўдзельнікаў форуму падкрэсліла, што прыхільнасць Мэтам ўстойлівага развіцця дапамагае краіне дасягаць вынікаў, ствараючы патэнцыял для інвесціравання і падтрымкі новага парадку з боку бізнесу.
З прывітальным словам звярнулася да ўдзельнікаў і Нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР у Беларусі Марыяна Шчоткіна. Выступіўшы ў якасці мадэратара ўрачыстай часткі Форуму, Марыяна Шчоткіна ў сваёй прамове акрэсліла вехі на шляху да дасягнення МУР, якія Беларусь ужо прайшла і якія яшчэ трэба будзе ўвасобіць у рэальнасць. Нацыянальны каардынатар падкрэсліла: «Форум — гэта нацыянальны агляд працы, якая праводзіцца ў краіне па выкананні Парадку-2030. Адказ на пытанне — як мы будзем жыць у 2030 годзе? — мы паспрабуем даць у ходзе нашага Першага Нацыянальнага форума па ўстойлівым развіцці, у рамках сесій якога будуць выпрацаваны выніковы дакумент з прапановамі, які будзе накіраваны ў Урад, Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, Адміністрацыю Прэзідэнта для ўліку ў далейшай працы».
«У ААН мы высока цэнім прыхільнасць і актыўны ўдзел Беларусі ў дасягненні МУР. ААН працягне аказваць падтрымку ўладам і ўсім партнёрам у далейшай працы па дасягненні Мэтаў ўстойлівага развіцця», — падкрэсліла Іаана Казана-Вішнявецкі, Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі.
Форум праходзіў у фармаце пленарных і сесійных пасяджэнняў, на якіх былі прадстаўлены дасягненні Беларусі ў эканамічным, сацыяльным, экалагічным блоках устойлівага развіцця, а таксама асобна абмеркаваны пытанні маніторынгу і ацэнкі імплементацыі Парадку-2035. Спікерамі былі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, бізнесу, грамадскіх і навуковых арганізацый, а таксама агенцтваў сістэмы ААН.
Нацыянальны статыстычны камітэт прадставіў на Форуме Нацыянальную платформу справаздачнасці па дасягненні МУР — комплекс з 255 паказчыкаў, абраных нацыянальнымі індыкатарамі для вымярэння прагрэсу ў дасягненні кожнай з задач у рамках Мэтаў ўстойлівага развіцця. Платформа дазволіць Рэспубліцы Беларусь прадстаўляць свае паказчыкі на глабальным узроўні, а на нацыянальным узроўні — прымаць узважаныя кіраўніцкія рашэнні.
У глабальным Індэксе дасягнення Мэтаў ўстойлівага развіцця, распрацаваным для маніторынгу працы па МУР, у 2018 годзе Беларусь заняла 23 месца з 156, атрымаўшы адзнаку, вышэйшую за сярэднюю па рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі.
Праца па дасягненні МУР у Беларусі выбудавана сістэмна: для яе каардынацыі Указам Прэзідэнта створаны інстытут Нацыянальнага каардынатара, на пасаду якога прызначаная Марыяна Шчоткіна і Рада па ўстойлівым развіцці.
У рэгіёнах арганізацыя работы па дасягненні МУР забяспечваецца рэгіянальнымі групамі ўстойлівага развіцця.
У дасягненні МУР галіны ўлады працуюць у партнёрстве. Так у Нацыянальным сходзе сфарміравана Парламенцкая група па МУР.
Выконваючы адзін з галоўных прынцыпаў МУР — нікога не пакінуць у баку — для працы па дасягненні Мэтаў ўстойлівага развіцця створана Партнёрская група ўстойлівага развіцця, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў бізнесу, грамадскіх арганізацый і акадэмічных колаў, міжнародных арганізацый.
Беларусь актыўна садзейнічае дасягненню Мэтаў ўстойлівага развіцця на міжнародным узроўні. У лістападзе 2017 г. краіна прыняла экспертна-кансультацыйную місію ААН MAPS. У ходзе яе візіту зацікаўленыя дзяржаўныя органы комплексна абмеркавалі з міжнароднымі экспертамі перспектывы працы ў галіне МУР. Экспертна-кансультацыйная місія MAPS акрэсліла асноўныя платформы паскарэння (акселератары) дасягнення МУР для Беларусі: «зялёны» пераход да інклюзіўнага і ўстойлівага росту, арыентацыя на будучыя пакаленні, лічбавая трансфармацыя і сацыяльныя інавацыі, гендэрна збалансаванае грамадства.
Вопыт па будаванні структуры і арганізацыі працы па дасягненні МУР краіна прадстаўляе на міжнародных форумах. Беларусь выступіла з ініцыятывай аб фарміраванні партнёрства нацыянальных каардынатараў па ўстойлівым развіцці. Першым крокам да практычнай рэалізацыі ініцыятывы стаў Рэгіянальны форум нацыянальных каардынатараў па МУР, які адбыўся ў Мінску 21-22 лютага 2018 г. У развіццё ініцыятывы 3 кастрычніка 2018 г. у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку Беларусь сумесна з краінамі-партнёрамі арганізавала круглы стол высокага ўзроўню.
Асаблівая ўвага надаецца інфармацыйнай працы, накiраванай не толькі на інфармаванне дзяржаўных органаў, але і шырокай грамадскасці. Інфармацыя пра МУР была размешчана на білбордах і тэлеканалах, у СМІ і на адмыслова створаным у падтрымку МУР у Беларусі сайце sdgs.by.
Для ўключэння моладзі праведзены конкурс коміксаў «Супергероі для Супермэтаў», на які было пададзена больш за 500 работ. А пераможцаў ўзнагародзілі 24 студзеня 2019 г. на ўрачыстай цырымоніі ў рамках Форума. Да Форума быў выдадзены адмысловы выпуск дзіцячага часопіса «Вясёлка», прысвечаны МУР. На мерапрыемстве таксама прадставілі і адзначылі дыпломамі моладзевых амбасадараў МУР.
Відэазапіс Форума можна паглядзець на YouTube-канале UN Belarus.
Больш здымкаў з Форума — ў фотагалерэі сайта.
КАРТА САЙТА