У Мінску ўзнагародзілі лепшых валанцёраў і атрады руху «Добрае Сэрца»

22 студзеня 2025 года ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку адбылася ўрачыстая цырымонія ўшаноўвання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр года — Добрае Сэрца» па выніках 2024 года.
Галоўная задача конкурсу – папулярызацыя і развіццё ў Беларусі валанцёрскага руху, павышэнне статусу добраахвотніка, выяўленне і заахвочванне лідэраў руху, якія ажыццяўляюць грамадскую і сацыяльна значную дзейнасць.
Конкурс «Валанцёр года – Добрае Сэрца» праходзіў з 1 кастрычніка па 5 снежня 2024 года. Усяго ў фінале прынялі ўдзел 76 работ. Пераможцы былі названы ў пяці намінацыях: «Асабісты ўклад», «Лепшы валанцёрскі атрад», «Лепшая распрацоўка», «Роўны навучае роўнага», «Дабро ў кадры». Галоўнымі крытэрыямі для перамогі сталі ўнікальнасць вопыту, запатрабаванасць і ўклад у развіццё маладзёжнага валанцёрскага руху, а таксама прафесійныя асаблівасці кожнай намінацыі.
У рамках урачыстай цырымоніі таксама былі ўзнагароджаны пераможцы рэспубліканскага конкурсу «Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак», які штогод праводзіцца сярод моладзевых валанцёрскіх атрадаў з мэтай выхавання ў моладзі беражлівых адносін да прыроды і яе прыцягнення да ўдзелу ў мерапрыемствах па добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў.
Усяго на конкурс «Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак» было прадстаўлена больш за 500 заявак ад валанцёрскіх атрадаў Беларусі. Пераможцамі конкурсу сталі:
- у намінацыі «Лепшы валанцёрскі атрад (лагер) сярод навучэнскай моладзі» – валанцёрскі атрад «Варты» (ВА ГА «БРСМ» ДУА «Машканская сярэдняя школа імя А.К. Гараўца Сенненскага раёна»);
- у намінацыі «Лепшы валанцёрскі атрад (лагер) сярод студэнцкай моладзі» – валанцёрскі атрад «Імперыя дабра» (ВА ГА «БРСМ» з правамі РК УА «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны»);
- у намінацыі «Лепшы валанцёрскі атрад (лагер) сярод працуючай моладзі» – валанцёрскі атрад «Энергія жыцця» (ВА ГА «БРСМ» філіяла «Аршанская ЦЭЦ» РУП «Віцебскэнерга»);
- у намінацыі «Лепшая ландшафтная кампазіцыя» – валанцёрскі атрад «Добрае сэрца» (ВА ГА «БРСМ» ГУДА «Барысаўскі цэнтр экалогіі і турызму»);
- у намінацыі «Інавацыйныя формы і метады работы пры арганізацыі экалагічнай дзейнасці» – праект «Экалагічны патруль» (ВА ГА «БРСМ» ДУА «Сярэдняя школа №78 г.Мінска»).
Стварэнне ўмоў для папулярызацыі і развіцця валанцёрскай дзейнасці робіць уклад у рэалізацыю Рэспублікай Беларусь Парадаку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года.