30 верасня 2019
25 верасня 2019 года, у чарговую гадавіну прыняцця Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года, ПРААН сабрала ў Мінску нацыянальных партнёраў, прадстаўнікоў навуковых колаў і грамадзянскай супольнасці для стратэгічных кансультацый.
Мэта нацыянальных стратэгічных кансультацый – выпрацоўка ключавых кірункаў сумеснай дзейнасці ПРААН і нацыянальных партнёраў з улікам прыярытэтаў развіцця Рэспублікі Беларусь. Выпрацаваныя ў ходзе кансультацый напрамкі лягуць у аснову дакумента краінавай праграмы ПРААН на 2021-2025 гады. У стратэгічных кансультацыях прынялі ўдзел больш за 70 нацыянальных партнёраў, прадстаўнікоў міністэрстваў, навуковых інстытутаў, банкаў, фондаў, бізнесу, НДА, універсітэтаў, краінавага офіса і праектаў ПРААН, якія падзяліліся сваім бачаннем і ідэямі для будучых сумесных праграм.
«Сімвалічна, што гэтыя кансультацыі праходзяць менавіта 25 верасня – у чарговую гадавіну прыняцця Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года. Сённяшнія кансультацыі закліканы выпрацаваць стратэгічныя напрамкі, асноўныя вектары дзейнасці, якія аб’яднаюць і нацыянальных партнёраў, і міжнародных партнёраў для таго, каб былі выкананы самыя асноўныя задачы – перш за ўсё, нікога не пакінуць у баку і павысіць дабрабыт нашых людзей», – падкрэсліла Мар’яна Шчоткіна , Нацыянальны каардынатар па дасягненню Мэтаў ўстойлівага развіцця.
Вызначэнне стратэгічных прыярытэтаў супрацоўніцтва на 2021-2025 гады стала асноўнай задачай першых нацыянальных стратэгічных кансультацый ПРААН.
Кансультацыі праходзілі ў фармаце працы малых груп па ключавых прыярытэтных напрамках, якія адлюстраваны ў канцэпцыі нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця на перыяд да 2035 года – забеспячэнне эканамічнага росту; цыфравізацыі; забеспячэнне экалагічнай бяспекі, а таксама міжнароднае супрацоўніцтва і імплементацыя МУР. Абмеркаванне праходзіла праз прызму міжсектаральных прыярытэтаў – людзі з інваліднасцю, жанчыны, моладзь, раёны, пацярпелыя ў выніку катастрофы на ЧАЭС.
З інавацый, выпрацаваных удзельнікамі кансультацый і прапанаваных Пастаянным прадстаўніком ПРААН, – стварэнне нацыянальнай лабараторыі па эксперыментаванню і пошуку інавацыйных рашэнняў для МУР, а таксама стварэнне інавацыйнай платформы на базе Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.
Сёння Рэспубліка Беларусь займае 23-е месца ў глабальным рэйтынгу Мэтаў ўстойлівага развіцця (МУР).
КАРТА САЙТА