6 сакавіка 2020
Метад устойлівага кіравання пойменнымі лугамі за кошт аднаўлення традыцыйнага выпасу жывёлы на ўчастках, якія важныя для захавання відаў, што знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знікнення, апрабуецца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
На пойменныя лугі ўрочышча Пагост рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Сярэдняя Прыпяць» на вольны выпас былі выпушчаныя 15 асобін турападобнай жывёлы пароды Хека, якія былі завезеныя з латвійскага нацыянальнага парку «Кемеры». Раней на гэтай тэрыторыі (заказнік «Сярэдняя Прыпяць») жыў тур – від, які знік з тэрыторыі Еўропы ў 1627 годзе. У 30 гады 20 стагоддзя ў Германіі паспрабавалі адрадзіць старажытны від, вывеўшы максімальна набліжаную да яго пароду турападобнай жывёлы пароды Хека.
Устойлівае традыцыйнае выкарыстанне лугоў і падтрыманне іх у адкрытым стане дазволіць аднавіць і захаваць ключавыя месцы гнездавання рэдкіх відаў птушак (дупеля, марадункі, вялікага зуйка, вялікага вераценніка) і месцы найбуйнейшых у Еўропе канцэнтрацый мігруючых відаў птушак на Тураўскім лузе (шылахвосткі, свіязі, вялікага вераценніка, баталёна).
Фота Сяргея Плыткевіча для ПРААН
Аднаўленне традыцыйнага выпасу жывёлы накіраванае на ўстойлівае кіраванне экалагічнымі сістэмамі і ўносіць ўклад у дасягненне Мэтаў устойлівага развіцця 13 (барацьба са змяненнем клімату) і 15 (захаванне экасістэм сушы).
Выпуск асобін турападобнай жывёлы пароды Хека на пойменныя лугі ўрочышча Пагост ажыццяўляўся ў рамках праекта «Ветландс», што фінансуецца глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.
Фота: ПРААН
КАРТА САЙТА