Як уладкаваная мінская школа без пластыку?

Прыкладна год таму мінская гімназія № 19 вырашыла максімальна адмовіцца ад пластыку. Для мясцовых школажыхароў такое экалагічнае новаўвядзенне – не сюрпрыз. Тут прывыклі эканоміць рэсурсы, многія дабіраюцца на вучобу на роварах, даўно сартуюць смецце, распрацоўваюць і рэалізуюць экапраекты – карацей кажучы, робяць усё, каб знізіць уплыў на навакольнае асяроддзе. У народзе гэтую гімназію так і называюць – экалагічнай. Арыгінал артыкула апублікаваны на ecoidea.by.
Пра рашэнні. Простыя і складаныя
Звініць званок. Расчыненыя дзверы кабінетаў выпускаюць на калідор дзясяткі дзяцей. Ужо па іх прыкметныя першыя вынікі праекта «Школа без пластыку»: школьнікі і школьніцы носяць спартыўную форму ў зялёных анучных мяшках з лагатыпам гімназіі, а гэта – мінус дзясяткі аднаразовых пакетаў.
Мы сустракаемся з настаўніцай англійскай мовы Ларысай Пясковай, але знаёмімся з ёй у іншай якасці – як з кіраўніцай праекта «Школа без пластыку».
Ларыса Пяскова, кіраўніца праекта «Школа без пластыку» ў гімназіі № 19. Фота Юліі Сяменчанка
– З кожным днём пластыку ў нашым жыцці становіцца ўсё больш: ён перапаўняе сметнікі, распадаецца на мікрачасціны, трапляе ва ўсе жывыя арганізмы на планеце і робіць гэта не без шкоды. Гэта важна ведаць не толькі эколагам, але і ўсім астатнім. Дзецям – з ранняга дзяцінства, – кажа Ларыса Мікалаеўна. – І школа можа стаць тым месцам, дзе навучаць зніжаць свой пластыкавы след.
А можа і не стаць. Часта для таго, каб спрасціць сабе жыццё, ва ўстановах адукацыі заплюшчваюць вочы на простыя экалагічныя рашэнні. Напрыклад, падахвочваюць бацькоў закупляць аднаразовыя кубкі.
– Адна з задач нашага праекта – арганізаваць пітны рэжым у школе, не выкарыстоўваючы пластыкавы посуд, – распавядае суразмоўца.
У новым навучальным годзе ў гімназіі з’явіліся кулеры з пітной вадой, якія падлучаны да цэнтральнай сістэмы водазабеспячэння. Так тут адмовіліся ад бутыляванай вады. Абслугоўванне кулера не патрабуе пластыкавых ёмістасцяў, трэба толькі перыядычна мяняць фільтры. Усяго ў гімназіі паставілі 11 кулераў з пітной вадой, іх цалкам дастаткова для 730 навучэнцаў і 70 педагогаў. Купля кулераў патрабуе немалых першапачатковых укладанняў, але, спадзяюцца ў гімназіі, сістэма акупіцца хутка, а галоўнае – з’яўляецца экалагічнай альтэрнатывай бутыляванай вадзе.
Так выглядаюць месцы для піцця. Фота Юліі Сяменчанка
Бачым, што пераход да школьнага жыцця без пластыку адбываецца, але не ўсё адразу. Каля кожнага кулера ў скрынях ляжаць аднаразовыя пластыкавыя кубачкі. Тут жа падбягае малодшакласнік, хапае з трымальніка кубачак, налівае ваду, выпівае і ўцякае назад у клас. І гэта за 15 секунд.
З суседняга класу выходзяць дзеці пабольш – чацвёртакласнікі. У іх ужо ёсць шматразовыя бутэлькі для вады. Аказваецца, што ў іх класе са сваімі бутэлечкамі на вучобу прыходзяць чалавек дзесяць. Яны прызнаюцца: са сваёй тарай нават зручней, не трэба кожны раз бегаць па кубак.
Дзеці прызнаюцца, што ім зручней са сваімі бутэлькамі. Фота Юліі Сяменчанка

«Мы – за адмову ад аднаразовага пластыку». Фота Юліі Сяменчанка
Пытаемся ў хлопчыкаў і дзяўчынак з 9 «В», ці ведаюць яны, навошта ў гімназіі ўсталявалі кулеры. Ведаюць: «Мы – за адмову ад аднаразовага пластыку». На інфармацыйных гадзінах старшакласнікі і старшакласніцы паказваюць малодшым бутэлькі для вады, распавядаюць, чаму яны іх носяць, і заклікаюць рабіць тое ж самае.
– Сярод бацькоў не было катэгарычных адмоў ад шматразовых бутэлек, – расказвае настаўніца. – Праблема пластыка ляжыць на паверхні, яе ўжо ніхто не адмаўляе. Большасць шматразовых бутэлек, якімі карыстаюцца дзеці, – таксама з пластыку, але гэта даўгавечная рэч. Ёю можна карыстацца некалькі гадоў і не толькі на тэрыторыі школы.
Пакуль пластык у гімназіі ўсё ж ёсць. Яго, як і іншыя віды патэнцыйнай другаснай сыравіны, збіраюць тут асобна гадоў дзесяць. За смеццем на перапрацоўку прыязджае машына прадпрыемства «Белдругрэсурсы».
– Лепей усё ж імкнуцца да таго, каб пластыку ў вашых кантэйнерах не было наогул. Калі яго павязе машына на перапрацоўку, гэта зусім не значыць, што ён будзе перапрацаваны, – распавядае навучэнцам супрацоўніца Цэнтра экалагічных рашэнняў Марыя Сума. – У Беларусі пакуль існуе праблема з перапрацоўкай пластыкавага посуду праз тое, што яго збіраецца занадта мала, ды і незразумела, з якога віду пластыку ён зроблены. Таму кубкі з той самай сметніцы пад кулерамі, хутчэй за ўсё, проста патрапяць на звалку.
Калі навучэнцы прыносяць у школу сабраную другасную сыравіну, то яны атрымліваюць за гэта спецыяльныя лісточкі, а потым – прызы. Фота Юліі Сяменчанка
Альтэрнатыву пластыку ў гэтай гімназіі можна ўбачыць і ў іншых прадметах. Напрыклад, замест вокладкі для падручнікаў з полівінілхларыду ў некаторых дзяцей тканкавыя вокладкі.
Ільняная вокладка для кнігі. Фота Юліі Сяменчанка
У гімназіі ёсць група ініцыятыўных бацькоў, якія робяць для сваіх дзяцей падстаўкі для кніг з фанеры. Пры арганізацыі агульнашкольных святаў тут адмовіліся ад паветраных шароў на карысць самаробных упрыгожванняў.
Не пластыкам адзіным
Тэма экадружалюбнасці ўключаная тут практычна ў кожны ўрок, а кожны з класаў адказны за свой эканакірунак. Напрыклад, навучэнцы 9 «В» працуюць над скарачэннем выкідаў і агітуюць перасесці на ровар. Умовы ў гімназіі створаныя максімальна камфортныя: да гімназіі падыходзіць веладарожка, ёсць свая велапаркоўка.

Велаінфраструктура мінскай гімназіі № 19. Фота Юліі Сяменчанка
У Дзень без аўтамабіля, які штогод ладзіцца ў Беларусі 22 верасня, вучні і вучаніцы распавядаюць менчукам пра тое, навошта перасаджвацца на ровар. У Дні здароўя ўсіх дзяцей запрашаюць прыехаць у гімназію на ровары і паўдзельнічаць у спаборніцтвах.
– Усе бацькі ведаюць, што ў дзяцей ёсць магчымасць прыязджаць на ровары. Мы паказваем, што гэта не толькі магчыма, гэта – нармальна, – распавядае Ларыса Пяскова.
У калідоры стаіць паліца для буккросінгу, якая дазваляе абнаўляць асабістыя бібліятэкі.
Паліца буккросінгу. Фота Юліі Сяменчанка
У адным з навучальных памяшканняў – зімовы сад, дзе можна даглядаць за раслінамі і жывёламі.
Зімовы сад у гімназіі. Фота Юліі Сяменчанка
На ўроках працы рэчы часта «перараджаюцца» ў новыя. Пра гэта распавядае нават дэкор кабінетаў. Напрыклад, на паліцах можна ўбачыць старыя друшлякі, якія сталі асновай для вышыўкі.

Прыклад апсайклінгу – старыя рэчы атрымліваюць новае жыццё. Фота Юліі Сяменчанка
Як зрабіць сваю «Школу без пластыку»
Калі ваша школа хоча далучыцца да ініцыятывы «Школа без пластыку», падумайце, што вы можаце змяніць ужо сёння. Гэта могуць быць як простыя рашэнні, так і больш складаныя, – зрабіце тое, што ў вашых сілах.
Калі вам патрэбныя падказкі, звярніцеся па кансультацыю ў Цэнтр экалагічных рашэнняў. Супрацоўніца арганізацыі Марыя Сума гатовая зрабіць «пластыкавы» аўдыт установы адукацыі і сумесна са школьнай ініцыятыўнай групай распрацаваць сцэнары па першых зменах (як гэта было ў гімназіі № 19 у Мінску).
Установы адукацыі могуць атрымаць па запыце наступную падтрымку:
– дапамога ў правядзенні першаснага аўдыту па выкарыстанні аднаразовага пластыку ў школе;
– тэматычныя кансультацыі ад Цэнтра экалагічных рашэнняў па магчымых мерах зніжэння выкарыстання пластыку;
– правядзенне ў школе адукацыйнай лекцыі па тэме пластыку;
– адукацыйныя матэрыялы для педагогаў;
– адукацыйны плакат па тэме пластыку;
– атрыманне падтрымкі для рэалізацыі асобных мерапрыемстваў па зніжэнні выкарыстання аднаразовага пластыку.
Для ўдзелу ў праграме «Школа без пластыку» максімальна падрабязна запоўніце электронную заяўку. Калі ў вас з’явіліся пытанні, напішыце на электронную пошту greenmap@ecoidea.by.