Зацверджана Дзяржаўная праграма «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» на 2021–2025 гады

Пастановай Савета Міністраў ад 19 лютага 2021 г. № 99 зацверджана Дзяржаўная праграма «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» на 2021–2025 гады. Мэта праграмы –забеспячэнне экалагічна спрыяльных умоў для жыцця грамадзян і аховы навакольнага асяроддзя, захаванне і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў.
У праграму ўваходзяць 6 падпраграм: «Нетры Беларусі»,«Гідраметэаралагічная дзейнасць, ахова прыродных рэсурсаў ва ўмовах змянення клімату», «Абыходжанне са ўстойлівымі арганічнымі забруджвальнікамі», «Захаванне і ўстойлівае выкарыстанне біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці»; «Нацыянальная сістэма маніторынгу навакольнага асяроддзя»,«Функцыянаванне сістэмы аховы навакольнага асяроддзя». Сярод запланаваных мерапрыемстваў праграмы – распрацоўка планаў кіравання басейнамі рэк Нёман і Заходняя Дзвіна; развіццё сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, захаванне рэдкіх відаў дзікіх жывёл і дзікарослых раслін і тых відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, прыняцце мер па змякчэнні ўздзеяння на клімат і адаптацыі да зменлівага клімату і іншыя.
З праграмай можна азнаёміцца на Нацыянальным прававым партале.
Выкананне Дзяржаўнай праграмы «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» на 2021–2025 гады будзе спрыяць выкананню задач Мэт устойлівага развіцця 13 «Барацьба са змяненнем клімату», 15 «Захаванне экасістэм сушы» і іншых МУР.
Фота: pravo.by