2 лютага 2020
Штогод 2 лютага адзначаецца Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў. Сёлета ён праходзіць пад дэвізам «Жыццё квітнее на водна-балотных угоддзях». Балоты дазваляюць захаваць прэсную ваду, біяразнастайнасць, вывесці з атмасферы вуглякіслы газ. Захаванне водна-балотных угоддзяў ўносіць ўклад у дасягненне Мэтаў ўстойлівага развіцця 13 і 15.
Сёння ў свеце водна-балотныя тэрыторыі знікаюць хутчэй, чым любая іншая экасістэма. За апошнія 50 гадоў згублена 35 % водна-балотных угоддзяў. У Беларусі налічваецца 863 000 гектараў балот у натуральным ці блізкім да яго стане. Гэта прыкладна адна трэць ад плошчы балот да пачатку іх маштабнага асушэння і 3,7% ад усёй плошчы Беларусі. На водна-балотных угоддзях жыве 40% відаў птушак, 35% відаў насякомых, 15% відаў раслін, уключаных у Чырвоную кнігу. Для некаторых відаў дзікіх жывёл беларускія балоты з’яўляюцца крытычна важнымі для глабальнага выжывання.
Каб звярнуць увагу на важнасць водна-балотных угоддзяў для ўстойлівага развіцця, 2 лютага 1971 года ў г. Рамсар была прынята Канвенцыя аб водна-балотных угоддзях, якія маюць міжнароднае значэнне галоўным чынам у якасці месцапражыванняў вадаплаўных птушак. Беларусь далучылася да гэтай канвенцыі ў 1999 годзе. Па стане на 2 лютага 2020 г. у свеце налічваецца 2,386 тэрыторый, уключаных у спіс водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння (рамсарских тэрыторый), агульнай плошчай 253,771,669 га. У Беларусі першай Рамсарскай тэрыторыяй стаў рэспубліканскі біялагічны заказнік «Спораўскі», адно з найбуйнейшых месцаў пражывання вяртлявай чаротаўкі – віду, які знаходзіцца пад пагрозай глабальнага знікнення. Усяго ў рамсарскі спіс уваходзіць 26 водна-балотных угоддзяў Рэспублікі Беларусь, з іх 4 з’яўляюцца трансгранічнымі.
Для захавання водна-балотных угоддзяў у Рэспубліцы Беларусь распрацаваны і прыняты стратэгія захавання і рацыянальнага (устойлівага) выкарыстання тарфянікаў і Схема размеркавання тарфянікаў па напрамках выкарыстання на перыяд да 2030 года, а таксама Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні тарфянікаў».
Больш інфармацыі на афіцыйным сайце Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
З дакументамі можна азнаёміцца па спасылках: Стратэгія захавання і рацыянальнага (ўстойлівага) выкарыстання тарфянікаў і Схема размеркавання тарфянікаў па напрамках выкарыстання на перыяд да 2030 года
Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні тарфянікаў»
КАРТА САЙТА