2 лютага 2021
2 лютага адзначаецца Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў. У 2021 годзе ён прысвечаны тэме «Водна-балотныя ўгоддзі і вада».
Захаванне і аднаўленне водна-балотных угоддзяў адыгрывае ключавую ролю для ўстойлівага развіцця, захавання біяразнастайнасці і процідзеяння змяненню клімату – гэтыя задачы ўваходзяць у МУР 13, 14 і 15.
Рэспубліка Беларусь уносіць значны ўклад у захаванне водна-балотных угоддзяў на міжнародным узроўні. 26 водна-балотных угоддзяў агульнай плошчай 778000 га ўключаныя ў спіс водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння ў рамках Канвенцыі аб водна-балотных угоддзях.
У 2020 годзе ўступіў у сілу Закон «Аб ахове і выкарыстанні тарфянікаў», асноўнай задачай якога з’яўляецца захаванне натуральных балот. Для рэалізацыі палажэнняў Закона была сфарміраваная неабходная нарматыўна-прававая база, вызначаныя пытанні інвентарызацыі і маніторынгу тарфянікаў, распрацаваныя планы кіравання балотамі і тарфянікамі, якія падлягаюць экалагічнай рэабілітацыі.
У Беларусі робяцца намаганні па пашырэнні плошчы водна-балотных заказнікаў: плануецца прыняцце пастановы, якая прадугледжвае пераўтварэнне рэспубліканскага заказніка «Альманскія балоты» з павелічэннем яго плошчы на 9 700 га.
Працягваецца работа па экалагічнай рэабілітацыі парушаных тарфянікаў: праводзіцца паўторнае забалочванне і аднаўленне экалагічнага рэжыму на тарфяніках у Гомельскай, Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай абласцях.
КАРТА САЙТА